Сянно рыхтуецца да «Дажынак». Мясцовыя цешацца, але наракаюць на заробкі

video

Старадаўняе мястэчка на Віцебшчыне, Сянно, рыхтуецца да абласных «Дажынак». Мясцовая адміністрацыя рапартуе пра амаль дзве сотні добраўпарадкаваных абʼектаў.

«Горад прывялі больш-менш у парадак. Я лічу, што да канца яшчэ далекавата, але будзе горад выдатны наш», – кажа мясцовы жыхар.

У той час як мясцовая жыхарка адзначае:

«Ну тут толькі паляпшэнне для гораду, паглядзіце як стала ў парку прыгожа і ўвогуле».

Цэнтральны парк цяпер выглядае па-новаму. Раней, як кажуць людзі, ён быў досыць занядбаны. Але пасля рэканструкцыі больш нагадвае музей Другой сусветнай вайны: замест дрэваў – вайсковая тэхніка і алея славы. Агулам жа жыхары Сянна ўсцешаныя: урэшце заканчваюцца працы на даўгабудах 1990-х гадоў, кладуць асфальт там, дзе яго ніколі не было.

«Мы задаволеныя хаця б тым, што проста нешта ёсць. Таму што 25 гадоў у гэтым горадзе не адбывалася фактычна нічога, ніякіх мадэрнізацыяў», – заўважае гісторык, музыка Зміцер Зайко, які жыве ў Сянне.

Між тым за фасадам маштабнага рыхтавання да аграфэсту хаваецца менш прыгожая рэчаіснасць.

«Заробкі не даюць. Я яшчэ ў адпачынку летам быў у ліпені і адпускных не бачыў. Я працую ў аграсервісе. Мінімалку толькі плацяць. Тут паўсюль пахадзіце, пашукайце нейкую арганізацыю, дзе больш плоцяць», – кажа жыхар Сянна.

Будаўнічае ажыўленне перад «Дажынкамі» таксама не вельмі адбілася на гаманцах мясцовых.

«Працуюць не сенненскія людзі, няма сенненскіх арганізацыяў, таму працуюць людзі з Полацку, з Віцебску, з іншых раёнаў. Таму грошы, якія ўкладаюцца, застаюцца ў інфраструктуры, але ідуць людзям на заробкі з іншых раёнаў, то бок не застаюцца ў нас», – працягвае Зміцер Зайко.

Ды і частка той інфраструктуры, якую, як любяць казаць чыноўнікі, жыхары Сянна «атрымалі ў падарунак», выклікае ў мясцовых пытанні: навошта ўкладаць сродкі ў вялікі Палац шлюбаў, калі моладзь зʼязджаае ў пошуку лепшага жыцця?

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары