Сямашка: Запуск БелАЭС дапаможа знізіць залежнасць ад паставак газу


Пра гэта намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў на форуме «Атамэкспа» у Маскве.

Цяпер у Беларусі 95% выпрацоўкі электраэнергіі прыпадае на газ, але ад гэтай залежнасці трэба сыходзіць і дыверсіфікаваць крыніцы энергіі, лічыць Сямашка. Пасля запуску АЭС у Астраўцы 27-28% выпрацоўкі будзе прыпадаць на атамную энергію.

Віцэ-прэмʼер адзначыў, што і ў пастаўках газу, і пры будаўніцтве АЭС галоўным партнёрам выступае Расея, аднак гэта не азначае залежнасць у гэтым плане ад дадзенай краіны.

Ён таксама нагадаў, што крэдыт на будаўніцтва БелАЭС Расея дала на выгадных умовах.

«Гэта доўгатэрміновы і танны крэдыт», – сказаў ён.

Ядраве паліва, першыя пастаўкі якога на БелАЭС запланаваны з Расіі, Уладзімір Сямашка звярнуў увагу, што тэхналогія вытворчасць паліва асвойвае многія краіны, таму ў перспектыве ёсць магчымасць закупляць яго і ў іншых партнёраў.

АЭС у Астраўцы будуюць у 50 кіламетрах ад літоўскай сталіцы. Афіцыйная Вільня неаднаразова выказвала сваю заклапочанасць будоўляй атамнай электрастанцыі. Сейм Літвы прызнаў БелАЭС пагрозаю нацыянальнай бяспецы. Літоўскія ўлады не раз адзначалі, што не збіраюцца набываць энергію з Астравецкай АЭС. У адным з інтэрвʼю Сямашка назваў пытанне АЭС палітычным.

Дэпутат літоўскага Сейму ў размове з «Белсатам» прызнаўся, што літоўцам ад БелАЭС – «проста страшна».

Доказ бяспечнасці станцыі – адна з умоваў пацяплення стасункаў з Беларуссю не толькі з боку Літвы, але і ўсяго ЕЗ.

«Міжнародныя стандарты, стрэс-тэсты, бяспека гэтага праекта… Але, на жаль, Лукашэнка не трымае справаздачу ні перад сваім народам, і ўжо тым больш не дзейнічае па міжнародных стандартах. Той факт, што атамная станцыя будуецца на расейскія грошы, таксама не дадае даверу. Так што варыянтаў у Літвы няшмат», – выказваў меркаванне літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс у каментары belsat.eu.

На будаўніцтва атамнай электрастанцыі Расея дала Беларусі крэдыт да 10 мільярдаў долараў. На сёння з іх асвоілі крыху больш за 2,5 млрд. Беларусь унесла ў праект 250 млн долараў уласных сродкаў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары