Лукашэнка перамог Крэмль у нафта-газавай вайне?


Беларусь і Расея падпісалі мірную дамову ў нафтавай вайне.

У панядзелак віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка на сустрэчы з журналістамі заявіў, што Расея гатовая аднавіць ранейшыя абʼёмы паставак нафты ў Беларусь у абмен на адмову Менску ад падвышэння тарыфаў на транзіт нафты.

«Мы адрэгулявалі ўсе бягучыя моманты. Вы ведаеце, што ў трэцім квартале заблакаваная палова пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы павінныя былі атрымаць 6 млн тонаў, а цяпер рэальна атрымліваем толькі 3 млн. Цяпер усё гэта аднаўляецца», – сказаў віцэ-прэм’ер.

«Да 20 кастрычніка павінна аднавіцца пастаўка нафты ў поўным абʼёме пад поўную загрузку нашых НПЗ», – цытуе словы Сямашка «Інтэрфакс».

Чыноўнік заявіў, што абодва бакі вырашылі пайсці на кампраміс: «Нядаўна былі падвышаныя тарыфы на транзіт нафты – мы гэта вяртаем назад».

Газавы канфлікт паміж Беларуссю ды Расеяй пачаўся з-за аплаты ў гэтым годзе: расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзій Дварковіч заявіў, што Расея з-за недаплаты за газ вырашыла скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь. У Менску ж з такой пазіцыяй нязгодныя і прапануюць не звязваць газавыя пытанні з аб’ёмамі пастаўкі нафты.

Такім чынам, цяпер маюць вярнуцца тарыфы, якія дзейнічалі паводле стану на 1 кастрычніка.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў