Сямашка абверг інфармацыю пра набыццё вугалю ў ЛНР


Уладзімір Сямашка

Урад Беларусі не вядзе перамоваў аб набыцці вугалю ў «Луганскай народнай рэспублікі». Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ў кулуарах Беларускага прамысловага форуму.

Інфармацыя пра тое, што Беларусь будзе набываць вугаль у ЛНР, з’явілася на мінулым тыдні. Кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Ігар Платніцкі заявіў у інтэрвю расейскай газеце «Известия», што «Луганская народная рэспубліка» вядзе перамовы з Беларуссю, Турцыяй і Кітаем аб набыцці вугалю.

«Узнікаюць складанасці з вывазам прадукцыі, з афармленнем сертыфікатаў. Мы шукаем шляхі рашэння праблемаў, упэўнены, што выйсці знойдзем. Тут тонкая мяжа паміж эканомікай і палітыкай. Выхад новага гульца на рынак заўсёды неадназначна ўспрымаецца іншымі ўдзельнікамі», – заявіў Платніцкі.

А вось як тады пракаментаваў Belsat.eu імаверныя пастаўкі вугалю з непрызнанага ўтварэння эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Паколькі ДНР і ЛНР вельмі патрэбныя грошы, то, я думаю, і цана ў іх будзе дастаткова прывабная – Беларусь можа на гэтым зарабіць. Але, безумоўны, гэта можа паўплываць на ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Украінай. Гэта вялізарная цана. Калі мы пагонімся за тым, каб зарабіць на вуглі з ЛНР, напрыклад, $ 150 млн, а пры гэтым згубім $ 2 млрд з Украіны, то гэта, безумоўна, будзе не раўназначны абмен. Таму думаю беларускія ўлады 20 раз падумаюць перад тым, як кантракт заключыць».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by, фотаздымак БелТА

Глядзі таксама
Каментары