Сям'я хлопца, што загінуў у СІЗА, нарэшце атрымала кампенсацыю: «Гэта апошні падарунак сына»


Мінула чатыры гады з даты заўчаснай смерці Ігара Пцічкіна, а ягоныя родныя толькі цяпер атрымалі ад дзяржавы кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды. Праўда, у памеры ў пяць разоў меней за той, што чакалі, ды не ад тых, каго лічаць вінаватымі.

У кватэры, дзе жывуць маці і сястра Ігара, паўсюль фотаздымкі і рэчы маладога хлопца. Маці Жанна трымаецца, распавядае, але цягам размовы раз-пораз не стрымлівае слёзаў. Кажа, ні дня не праходзіць, каб не паразмаўлялі пра Ігара. А ноччу, бывае, прачынаецца і пачынае пераглядаць фотаздымкі.

Пасля смерці Ігара маці раздрукавала ўсе фотаздымкі сына, што меліся на тэлефонах, сабірала са знаёмых і сяброў.

Што там адбылося і каго прызналі вінаватым?

Улетку 2013 году менчука Ігара Пцічкіна асудзілі на 3 месяцы арышту за кіраванне аўтамабілем без пасведчання кіроўцы. За 2 гады да гэтага суд забараніў яму сядаць за стырно аўтамабіля цягам 5 гадоў. Асуджаны явіўся ў СІЗА-1, дзе павінен быць адбываць пакаранне, а праз чатыры дні родных выклікалі на абазнанне цела. Хлопец памёр, нібыта ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці.

Розніца паміж двума фотаздымкамі чатыры дні. Фота Ірыны Арахоўскай

Але ж на целе хлопца ў моргу родныя пабачылі шматлікія сінякі і крывападцёкі. Адкуль яны зʼявіліся, ніхто так дагэтуль і не растлумачыў. Вінаватым прызналі фельдчара СІЗА №1 Аляксандра Крылова ў недастатковым выкананні прафесійных абавязкаў. Яго асудзілі на 2 гады і 9 месяцаў абмежавання волі ў калоніі вольнага пасялення і пазбавілі права займацца прафесійнай дзейнасцю на працягу 5 гадоў.

«Я не лічу, што фельдчар вінаваты. Яго звінавацілі, што ён быццам не аказаў дапамогу. Але калі б Ігар быў у нармальным стане, яму і не спатрэбілася б тая дапамога», – кажа маці Ігара.

Па тэме:

Кампенсацыя за «стандартны выпадак смерці»

Маці, сястра і пляменніца Ігара Пцічкіна. Фота Ірыны Арахоўскай

Маці Ігара Пцічкіна атрымала 20 тысячаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, 6 тысячаў рублёў – матэрыяльнай. Сястры загінулага прысудзілі 10 тысячаў рублёў маральнай шкоды. Першапачаткова родныя прасілі кампенсацыю ў 100 тысячаў рублёў ад Міністэрства ўнутраных справаў, тых, каго яны лічаць вінаватымі ў смерці Ігара.

МУС падало касацыйную скаргу ў Менскі гарадскі суд на рашэнне аб кампенсацыі суда Заводскага раёну. Больш за паўгады цягнулася працэдура абскарджвання і пералічэння грошаў.

«Адсутнічае ацэнка ступені фізічных і маральных пакутаў, абставіны прычынення маральнай шкоды, стану здароўя Пцічкіна І.А. і іншыя характэрызуючыя асобу Пцічкіна І.А. фактары і ўзаемаадносіны ў сямʼі», – напісана ў касацыйнай скарзе МУС.

МУС прапанавала лічыць матэрыяльныя выдаткі на пахаванне і помнік неабгрунтаванымі. А адказным за выплату кампенсацыі назначыць Міністэрства фінансаў РБ.

Ірына Пцічкіна. Фота Ірыны Арахоўскай

«Яны разглядаюць выпадак Ігара, як стандартны. Як быццам гэта памерла бабуля ці дзядуля, якім ужо 80 гадоў, і іх хаваюць унукі. Яны кажуць, што мы не даказалі свае пакуты. А як мы іх можам даказаць і няўжо гэта незразумела? Сам факт смерці блізкага чалавека – гэта ўжо доказ маральных пакутаў. А тут мала таго, што ты больш ніколі не ўбачыш роднага чалавека, дык калі ты яго апошні раз бачыў у такім выглядзе, як мы Ігара, то што яшчэ іншае трэба прадставіць як доказ?», – абураецца сястра Ігара Ірына Пцічкіна.

Тым не менш, не гледзячы на невялікую суму кампенсацыі, родныя не наракаюць, бо ніякія грошы не маглі б замяніць жывога брата і сына.

«Не было мне ў радасць нічога. Як атрымала гэтыя грошы, праплакала тры дні, потым захварэла з-за гэтага. Не магла прыйсці ў сябе», – кажа маці.

Жанна Пцічкіна. Фота Ірыны Арахоўскай

Потым за гэтыя грошы маці набыла новы аўтамабіль Лада, каб ездзіць да сына на могілкі.

Аўтамабіль, што набыла жанна Пцічкіна за грашовую кампенсацыю за смерць сына.

«Раней я казала, што мне гэтыя кампенсацыя патрэбна, каб хоць кветкі жывыя яму на магілку купляць, бо я іх купляю кожны раз як еду, вось было б за што. А зараз набыла гэтую машыну, каб ездзіць на могілкі. Лічу, што гэта апошні падарунак сына», – кажа маці.

Маці ездзіць на магілку да сына кожныя тры дні, а тое і часцей. Кожны раз вязе жывыя кветкі.

«Кожную маці заклікаю змагацца»

Плакат-спачуванне, што павесілі працаўнікі Трактарнага заводу для Жанны Пцічкінай, чатыры гады ўжо вісіць у яе ўдома.

Жанна Пцічкіна збіраецца ў бліжэйшы час несці ізноў дакументы ў пракуратуру, каб ёй усё ж патлумачылі, адкуль на целе сына зʼявіліся сляды жорсткіх пабояў. На судах яна так і не атрымала грунтоўнага адказу.

Ірына Пцічкіна раскладае і паказвае дакументы па справе Ігара Пцічкіна. На шафе – ягоная кашуля. Фота Ірыны Арахоўскай

Грашовая кампенсацыя, якой Пцічкіны ўсё ж здолелі дамагчыся, – гэта перамога і пацверджанне іхных меркаванняў, што сын не памёр, сына забілі.

«Я хачу спецыяльна падкрэсліць і каб вы напісалі, што няхай маці дабіваюцца. Не сядзяць, не маўчаць, не баяцца расказваць. Усё ж такі можна чагосьці дабіцца. Я жывая толькі дзякуючы падтрымцы з боку журналістаў, праваабаронцаў. Калі я ўбачыла цела, я адразу прыйшла дадому, узяла тэлефон і пачала тэлефанаваць. Нам шмат памагла «Платформа» (праваабарончая арганізацыя), дзякуючы ім быў і рэзананс, і пра нас даведаліся і ў ААН, і ў ЗША», – кажа Жанна Пцічкіна.

Ігар Пцічкін таксама жыў у гэтай кватэры разам з маці і сястрой. Толькі апошнія тры тыдні перад смерцю ён пераехаў да сваёй дзяўчыны. Яны збіраліся ажаніцца.

Кажуць, што дзякуючы розгаласу і публікацыям яны атрымліваюць паведамленні з розных куткоў свету, з усёй Беларусі, з Украіны, з Расеі. Незнаёмы хлопец з Расеі пад імем Сяргей Шнайдэр нават напісаў для сям’і Ігара Пцічкіна песню пад назвай «Небеса» ды даслаў родным Ігара са спачуваннямі. Гэтая мелодыя стаіць на мабільным маці загінулага хлопца.

На дзень народзінаў Ігара Пцічкіна. Фота сястры Ірыны на могілках разам з роднымі і сябрамі.

Вераніка Уладзімірава, фота Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў