Сям’я алігарха Гуцэрыева, сябры Лукашэнкі і Віктар Пракапеня інвеставалі ў беларускі стартап


$ 2 млн фонд Larnabel Ventures сваякоў расейскага алігарха і інвесткампанія VP Capital беларускага IT-прадпрымальніка ўклалі ў распрацоўніка адукацыйнага прыкладання FaceMetrics. Памер долі, якую атрымалі бізнесоўцы ў абмен на інвестыцыі, не агучваецца.

Сэрвіс стымулюе дзяцей чытаць і дазваляе гуляць толькі пасля пэўнага часу за кнігамі, паведамляе vc.ru.

Атрыманыя грошы пойдуць на развіццё адукацыйнага прыкладання Read2play. Сэрвіс павінен узяць на сябе функцыю бацькоўскага кантролю за часам, які дзеці праводзяць у планшэце за чытаннем, навучаннем і гульнямі.

Тэхналогіі камп’ютарнага зроку з дапамогай камеры ў планшэце адсочваюць позірк і эмоцыі дзіцяці, аналізуючы, куды ён глядзіць, на чым затрымлівае погляд, наколькі ён стаміўся.

Сабраную інфармацыю Read2play аналізуе і адпраўляе бацькам. Сервіс можа даваць рэкамендацыі наконт павышэння прадуктыўнасці навучання, раіць кнігі, або звярнуць увагу на настрой дзіцяці.

Доступ да ўсёй інфармацыі захоўваецца толькі ў бацькоў.

Запусціць Read2play плануюць цягам лета. Для беларускіх карыстальнікаў сэрвіс будзе бясплатным, для іншых падпіска будзе каштаваць $ 20 у год. Першымі карыстальнікамі Read2play стануць дзіцячыя дамы. Ім інвестары абяцаюць падарыць 1000 планшэтаў з прыкладаннем.

Read2play – пяты праект Larnabel Ventures і VP Capital ў межах праграмы інвеставання ў праекты, якія працуюць з тэхналогіяй штучнага інтэлекту. Праграма запушчаная ў 2016 годзе, яе аб’ём складае $ 100 млн.

Паводле Forbes, сямʼя Міхаіла Гуцэрыева – найбагацейшы клан у сучаснай Расеі, які валодае прыкладна 9,8 млрд долараў. Сам Гуцэрыеў у рэйтынгу расейскіх мільянераў займае 16-е месца з капіталам 5,9 мільярдаў долараў. Гуцэрыеў – бадай, адзіны расейскі алігарх, з якім Лукашэнка не толькі падтрымлівае цёплыя, сяброўскія стасункі, але і зусім не хавае гэтага.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары