Сям’я Адама Глобуса зрабіла яму на дзень нараджэння сюрпрыз


Выстава твораў Адама Глобуса адкрылася ў Менску. Яна арганізавалі да дня нараджэння вядомага мастака і пісьменніка ўпотай ад яго самога.

«Для нас вялікая праблема зрабіць падарунак Адаму. Таму мая дачка падала ідэю: зрабіць яму выставу. Ён у нас мастак, а выстава для мастака – найлепшы падарунак, – кажа фотомастачка Алена Адамчык, жонка Адама Глобус. – Што можна падарыць мастаку, таленавітаму чалавеку, які ўсё мае? І мы вырашылі, што трэба падарыць тое, чаго ён дакладна не чакае».

Выстава мелася стаць сюрпрызам. Таму інфармацыя пра месца і час яе правядзення не пашыраліся праз сацыяльныя сеткі, якімі актыўна карыстаецца Глобус. Гасцей запрашалі асабіста. А спадара Адама на выставу хітрасцю завабіла дачка.

«Я яму сказала, што маю для яго падарунак, але ён цяжкі, па яго трэба зайсці ў адно месца. Ён пацікавіўся, што гэта, фатаграфія або партрэт. Я адказала, што так, часткова гэта твой партрэт», – кажа дачка Глобуса Ядвіга Адамчык.

Свой дзень нараджэння Адам Глобус планаваў адзначыць зусім інакш.

«Я планаваў, што будзе ціхая сямейная вячэра з роднымі, потым я пагляджу тэлевізар, скажу ўсім у «Фэйсбуку» дзякуй за віншаванні – і на гэтым усё», – прызнаўся пісьменнік і мастак.

Выстава твораў Адама Глобуса стала неспадзяванкаю не толькі для мастака, але і для ягоных сяброў.

«Для мяне Адам Глобус – чалавек вялікай сціпласці, але там, дзе трэба, гэта прынцыповы таварыш, і таму я яго вельмі паважаю. І – з днём нараджэння, Вова!», – павіншаваў Адама Глобуса (Уладзіміра Адамчыка) калекцыянер Аляксандр Радаеў.

Карціны і малюнкі Адама Глобуса ўсе ахвотныя могуць пабачыць у галерэі «DK» на вуліцы Герцэна. А тое-сёе і набыць. Аўтар шчодра дзеліцца сваймі творамі з шанавальнікамі ягонага таленту.

Максім Кот

Глядзі таксама
Каментары