Сябры антыфашыста Бойкі: На Вадзіма ціснуць у калоніі


Паводле ягоных паплечнікаў, зняволены шмат часу праводзіць у штрафным ізалятары.

Актывістка анархісцкага руху Марына Насенка распавяла «Белсату», што адміністрацыя калоніі аказвае ціск на антыфашыста Вадзіма Бойку – змяшчаючы яго ў ШЫЗА.

Падобным чынам паступаюць і са Змітром Паліенкам, якога змяшчаюць у штрафны ізалятар кожныя два месяцы.

Апошні і распавёў пра ціск на Бойку: паводле Марыны, лісты да і ад Бойкі даходзяць з цяжкасцю.

Пэўны час юнакі сядзелі разам у бабруйскай калоніі, пазней Бойку этапавалі ў Шклоў.

«Мы ведаем, што да Вадзіма прыходзілі актывісты Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, працягвалі пытаць пра актывістаў антыфашыстоўскага і анархісцкага руху», – кажа Марына Насенка.

Актывістка сцвярджае, што апошні раз яна бачыла Бойку ў чэрвені падчас разгляду апеляцыі ў Менскім гарадскім судзе.

«Правілы ў калоніі вельмі жорсткія – патрапіць у ШЫЗА можна за незашпілены гузік, – кажа Марына. – Да футбольных фанатаў у боку адміністрацыі звычайна пільная ўвага, яны стаяць у першых шэрагах падчас пастраення, да іх больш патрабаванняў, на іх звяртаюць больш увагі».

29 чэрвеня 2014 года на прыпынку на вуліцы Несцерава ў Менску адбылася бойка паміж футбольнымі фанатамі. Падчас бойкі была разбітая тралейбусная шыба і распылены слезацечны газ. Футбольных фанатаў «Партызану» абвінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да «іншай сацыяльнай групы» – заўзятараў «Тарпеда».

У выніку шасцёра фанатаў «Партызану» атрымалі розныя тэрміны зняволення: Ілля Валавік – 10 гадоў пазбаўлення волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка – па 4 гады, Дзмітрый Ціхановіч – 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) – па 12 гадоў.

Пасля апеляцыі Бойку выпусцілі з-за кратаў пад падпіску аб нявыездзе, не патлумачыўшы прычыны раптоўнага вызвалення. Пасля разгляду скаргі суддзя Тамара Унукевіч пакінула яе без задавальнення, а прысуды – без зменаў.

Вадзіму Бойку засталося сядзець яшчэ два з паловай гады.

ДД

Стужка навінаў