Сябра журы «Танцуюць усе»: Ніякай непавагі да беларускай мовы я тут не бачу


У паводзінах і рэпліках сяброў журы ў адказ на беларускую мову Наталкі Белазёравай шмат хто ўгледзеў калі і не здзек, то ганебнае стаўленне да нашай мовы.

«Калі сябры журы пры першых гуках беларускай мовы пачалі хапацца за грудзі і смяяцца, зала іх радасна падтрымала. Смяяліся абсалютна ўсе не злосна, але ўсё адно: а і сапраўды, якая смешная мова», – абураецца аўтар артыкула на партале depo.ua.

Чытайце таксама >>> Украінцы патрабуюць выбачэнняў і штрафу ад тэлеканалу, чые вядоўцы смяяліся з беларускай мовы

У адказ на смех журы і залы Наталка Белазёрава не пераходзіць на рускую мову, не губляецца і з усмешкай па заканчэнні свайго выступу сыходзіць. Ці яна не заўважыла таго, што заўважылі гледачы шоу?

«Дыскамфорт быў, бо я ўпершыню сутыкалася з такой сітуацыяй, калі ўкраінцы не разумелі маёй беларускай мовы, – прызнаецца ў размове з “Еўрарадыё” Наталка. – Са мной было ўпершыню, калі я кажу нешта, а мяне не разумеюць. І яшчэ і смяюцца. Я не магу сказаць: гэта з мяне смяяліся ці з мовы, аднак маглі б сябе крышачку стрымаць».

Тым не менш, Наталка Белазёрава ўпэўнівае, што саму гэтую сітуацыю ўспрыняла спакойна і не трымае не толькі на ўсіх украінцаў, але і нават на сяброў журы ніякай крыўды.

Наталка Белазёрава: «Проста я зразумела, што людзі ёсць такія, а ёсць іншыя. Я ніякіх крыўдаў ні на каго не маю. Калі грамадства будзе патрабаваць прабачэння і калі яны палічаць гэта неабходным – то няхай так будзе. Але сама не буду ні ад каго нічога патрабаваць. Іх задача была зрабіць шоу, яны зрабілі з гэтага шоу – так, як умелі. А я паспрабавала сябе, паўдзельнічала… Я не ведаю на самай справе, як правільна тут быць!».

А вось вядомы ўкраінскі гісторык і публіцыст Раман Кабачны ўпэўнены, што сябры журы паводзілі сябе «жудасна» і што сітуацыя вымагае афіцыйных прабачэнняў з боку кіраўніцтва тэлеканала СТБ:

«Людзей, якія больш-менш знаёмыя з Беларуссю, тая сітуацыя вельмі абурыла. Гэта проста страшна скандальна! Цяпер вельмі знаныя людзі патрабуюць ад канала СТБ прабачэнняў. І я думаю, што тэма гэтая, нават калі Наталка кажа, што не абражаецца на суддзяў, не закрытая да афіцыйнага прабачэння прадстаўнікоў тэлеканала СТБ».

Сябра журы Улад Яма нічога ганебнага ў тым, як паводзілі сябе ён, яго калегі і гледачы ў студыі падчас выступу беларускай канкурсанткі.

«Атрымаліся нармальныя, жывыя і, на маю думку, нармальныя зносіны. Кожны ўдзельнік, які прыходзіць на нашае шоу, выкарыстоўвае тую мову, якая яму зручная. Прыходзяць і гавораць па-іспанску, па-англійску, па-ўкраінску, па-руску. Няважна – мы ацэньваем танец. І самае важнае – мы з удзельніцай зразумелі адно аднаго. І па-мойму, усе засталіся задаволеныя. Астатняе – нечыя прыдумкі».

Сваю смяшлівую рэакцыю на беларускую мову Улад тлумачыць… нечаканасцю.

Улад Яма: «Яна першая за 8 гадоў існавання нашага шоу, хто вось так сходу, без папярэджання, з намі пачаў гаварыць па-беларуску. Сам гэты факт для нас быў нечаканым, і пакуль мы з ёй гаварылі, ніяк не маглі да гэтага прывыкнуць. Вось і ўсё! Ніякай непавагі да беларускай мовы я тут не бачу».

Праўда, сама Наталка кажа, што і падчас кастынгу, які прадстаўнікі ўкраінскага канала праводзілі ў Менску, і потым, падчас другога кастынгу ў Кіеве, яна з арганізатарамі размаўляла па-беларуску. А яны адказвалі па-ўкраінску. І выдатна разумелі адно аднаго.

Што да прабачэнняў беларускай канкурсантцы, то сябра журы лічыць іх непатрэбнымі.

Улад Яма: «Калі б на нас пакрыўдзілася сама ўдзельніца, з якой мы гаварылі, я думаю быў бы сэнс выбачацца. Але выбачацца перад людзьмі, якія жывуць у Фэйсбуку і якім нешта падалося, мне падаецца прынамсі дзіўным».

У гэтым скандале Раман Кабачны бачыць толькі адзін пазітыўны момант – ён прымусіць украінцаў больш паважліва ставіцца да беларускай мовы і культуры.

belsat.eu, паводле euroradio.fm

Стужка навінаў