«Святыя» макакі навучыліся шантажаваць турыстаў


Даўгахвостыя макакі, якія жывуць на інданезійскам востраве Балі недалёка ад мясцовай святыні Улувату, навучыліся абменьваць скрадзеныя ў турыстаў рэчы на ежу. Навукоўцы ўпершыню апублікавалі даследаванне прысвечанае гэтай з’яве.

Бельгійскія і канадскія даследчыкі 4 месяцы вывучалі паводзіны прыматаў і апублікавалі вынікі сваёй працы ў часопісе «Primates».

Індуісцкая святыня Улувату знаходзіцца ў паўднёвай частцы Балі на вяршыні скалы. Там заўсёды шмат турыстаў, якія рэгулярна становяцца ахвярамі 4 групаў макакаў, што жывуць побач са святыняю. Макакаў лічаць ахоўнікамі храму ад злых духаў і называюць іх «святымі».

Даследчыкі высветлілі, што «святыя» макакі ў 85 % выпадках паспяхова рабавалі турыстаў. Пасля здзейсненага злачынства макакі ў палове выпадкаў абменьвалі скрадзеныя рэчы на ежу. Таксама навукоўцы высветлілі, што дарослыя самцы і самцы-падлеткі рабавалі турыстаў часцей, чымся самкі.

Паводле аднаго з аўтараў гэтага даследавання Фані Броткорн (Fany Brotcorne) з Льежскага універсітэту, атрыманая інфармацыя можа дапамагчы навукоўцам лепш зразумець псіхалогію прыматаў і тое як перадаецца інфармацыя паміж іхнымі групамі.

ЮВ, belsat.eu, паводле nplus1.ru

Стужка навінаў