Святы з «Белсатам»: праграмы, фільмы, канцэрты на Каляды і Новы год


Прыватная размова з Віталём Гурковым, фільм-канцэрт «Народны альбом. 20 гадоў», стужка пра асабістага фатографа Папы Рымскага і фільмы Віма Вэндэрса. Нягледзячы ні на што, «Белсат» падрыхтаваў для вас святочную праграму. Глядзіце па тэлевізары і ў онлайн-трансляцыі на нашай старонцы!

Субота, 24 снежня

21:10 «Калядныя размовы»

Паэт Уладзімір Някляеў у святочным выданні праграмы «“Прыват” Валярынай Куставай».

23:00 «Соль зямлі»

Легендарны бразільскі фатограф Сэбаст’ян Саугаду (Sebastião Salgado) дае інтэрвʼю, у якім распавядае пра доўгае і неверагоднае жыццё і гісторыю сваёй творчасці. Праз аб’ектыў свайго фотаапарата ён бачыў важнейшыя падзеі гісторыі: войны, голад, міграцыі. Разам з Сэбаст’янам Саўгаду здымачная група на чале з рэжысёрам Вімам Вэндэрсам накіравалася ў Амазонію, Бразілію, Папуа, на выспу Урангеля ў Паўночным Ледавітым акіяне. Прэм’ера адбылася ў 2014 годзе на Канскім кінафестывалі. Намінаваны на «Оскар».

01:10 «Маё жыццё для Яго», д/ф

Галоўны герой фільму – Артуро Мары (Arturo Mari), асабісты фатограф Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, – апавядае пра сваю працу і жыццё, аддадзенае Пантыфіку. Ён раскрывае таямніцы: чаму ходзіць апрануты ў чорнае, уключна з бялізнаю, чым захапляецца ў вольны час і навошта яму чатыры фотаапараты. Мы бачым таксама людзей, якім Артуро Мары ў выглядзе здымкаў даў памяць пра сустрэчу з пантыфікам. І, несумненна, праз гэты аповед мы бліжэй спазнаем самога Яна Паўла ІІ, які, паводле ягонага фатографа, працаваў 365 дзён на год, не пакідаючы ні хвіліны для сябе.

Нядзеля, 25 снежня

19:30 «Калгаснікі», д/ф

Чарговая хваля калектывізацыі, якая адбывалася ў Заходняй Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, тэма не надта папулярная сярод гісторыкаў. А дарма. Аддаўшы ўсё, што мелі, людзі месяцамі працавалі за «галачкі» на паперы, без грошай. А хто аддаваць не хацеў, сушыў сухары. Пра гэта ўзгадваюць жыхары палескіх вёсак, якія сталі героямі нашага дакументальнага фільму Ягора Сурскага.

21:00 «Калядныя размовы»

Стваральнік парталу Tut.by Юрый Зісер у святочным выданні праграмы «“Прыват” Валярынай Куставай».

21:15 «Чалавек Бога», д/ф

Стужка пра жыццё і дзейнасць святара Владыслава Букавіньскага (Władysław Bukowiński), які 13 гадоў правёў у савецкіх лагерах ды турмах, а пасля да самай смерці свядома заставаўся ў Казахстане, дзе патаемна выконваў свае абавязкі. У 2016 г. Касцёл беатыфікаваў святара.

Пятніца, 30 снежня

22:00 «У промнях сонца», д/ф

Дакументальны фільм расейскага рэжысёра Віталя Манскага пра жыццё васьмігадовай школьніцы ў Пхеньяне, сталіцы КНДР. Яна павінна ўступіць у дзіцячую арганізацыю ў Дзень Сонца (дзяржаўнае свята ў гонар дня нараджэння Кім Ір Сена). Фільм здымаўся пад кантролем паўночнакарэйскіх уладаў, якія разлічвалі на тое, што ў ім будзе прадстаўлены прапагандысцкі вобраз шчаслівай сямʼі. Аднак Манскі таемна здымаў дадатковы матэрыял…

Субота, 31 снежня

18:40 «Сон пра Варшаву», д/ф

Першы поўнаметражны біяграфічны фільм пра культавага польскага музыку Чэслава Немэна (Выдрыцкага), які вырас на Гарадзеншчыне. У стужцы выкарыстаныя шмат якія не вядомыя дагэтуль архіўныя матэрыялы.

21:10 «Калядныя размовы»

Першая намесніца старшыні ТБМ, дэпутатка Парламенту Алена Анісім у святочным выданні праграмы «“Прыват” Валярынай Куставай».

23:00 «Невядомая Беларусь: “Народны альбом”. Ненаўмысны шэдэўр», д/ф

Мы вяртаемся ў той час, калі задумваўся праект, і праходзім з удзельнікамі 20-гадовы шлях ажно да рыхтавання рымейку на сцэне Падляскай оперы ў верасні 2016-га. Усе, хто меў дачыненне да «Народнага альбому», пасталелі. Лёс раскідаў іх па розных тусоўках і нават краінах. Сяброўскія стасункі не захаваліся. Ці змогуць удзельнікі сабрацца разам? А калі змогуць, ці здолее новая інсцэнізацыя паўтарыць поспех папярэдняй?

00:03 «Народны альбом. 20 гадоў», тэлевізійная версія канцэрту

Рэактывацыя культавага музычнага праекту сярэдзіны 90-х. 27 песняў распавядаюць гісторыю заходнебеларускага мястэчка ў міжваенны перыяд.

01:35 «”Океан Ельзи” – 20 гадоў разам!», фільм-канцэрт

Канцэрт, які стаўся легендаю: выступ гурта ў межах юбілейнага туру «”Акіян Эльзы” – 20 гадоў разам!» сабраў больш за 75 000 прыхільнікаў з усяго свету ў Кіеве і стаў афіцыйна зарэгістраваным канцэртавым рэкордам Украіны.

Нядзеля, 1 студзеня

16:25 «Піна», д/ф

Піна Баўш – танцоўшчыца і харэограф, сустрэча з якою назаўжды змяняла жыцці ейных вучняў. У гэтай стужцы яны распавядаюць пра жыццё з Пінаю на сваіх родных мовах, але галоўным чынам – моваю танцу. Фільм Віма Вэндэрса, намінаваны на «Оскар».

19:30 «Калядныя размовы»

Спартовец і музыка Віталь Гуркоў у святочным выданні праграмы «“Прыват” Валярынай Куставай».

19:50 «Невядомая Беларусь: “Народны альбом”. Ненаўмысны шэдэўр», д/ф

(Паўтор)

20:40 «Народны альбом. 20 гадоў», тэлевізійная версія канцэрту

(Паўтор)

Субота, 7 студзеня

16:40 «Скрыжаванне», д/ф

Для жыхароў беларускага гораду Гомля бяздомны блакітнавокі дзядок, які малюе «карцінкі», – мясцовая славутасць. Для мастацтвазнаўцаў – феномен, годны пільнай увагі, сурʼёзны і самабытны мастак. У фільме паказаны адзін год жыцця мастака Валерыя Ляшкевіча, які жыве не так, як усе. На першы погляд, ён здаецца дзіваком. Але калі прыглядзецца, у ягоным пошуку гармоніі можна выявіць больш здаровага сэнсу, чым у пагоні людзей за зманлівымі выгодамі. За знешняй стойкасцю і бескампраміснасцю героя фільма не адразу атрымоўваецца разглядзець драму бясконца самотнага чалавека. Змяняюцца поры года, праходзяць міма людзі і лёсы, а ягонае жыццё спынілася – замерла на «скрыжаванні».

17:40 «Belsat Music Live» (прэм’ера праграмы)

«Belsat Music Live» – праграма, дзе музыкі граюць ды спяваюць у нашай студыі!

ІА, belsat.eu, фота intex-press.by

Стужка навінаў