Святлана Калінкіна пра лячэнне Леаніда Маракова: «Гэта жудасная і цынічная сітуацыя!»


З паўмесяца таму Леанід Маракоў літаральна знік з поля зроку грамадскасці, якая адразу ж забіла трывогу: куды падзеўся знакаміты даследнік лёсаў ахвяраў сталінскага рэжыму? Неўзабаве неабыякавыя суайчыннікі знайшлі яго ў менскім госпісе з неаперабельнай пухлінай галаўнога мозгу.

Сваякі даследніка жывуць за мяжою, а таму арганізаваннем апекавання цяжкахворым Мараковым занялася ягоная даўняя знаёмая Наталля Саматыя. Жанчына гаворыць, што з пачатку была ўпэўненая, што на бяду сябра адгукнецца шмат хто.

Унікальны для Беларусі пісьменнік

«У Леаніда Маракова было вельмі шмат сяброў не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах: Расеі, Украіне – з якімі ён трымаў вельмі шчыльныя стасункі», – распавяла Наталля Саматыя, арганізатарка грамадскай дапамогі.

Леанід Маракоў – бадай, адзіны пісьменнік у нашай краіне, імя якога стаіць не толькі на мастацкіх кнігах, але і на энцыклапедыі. Дзеля працы ў вяртанні з нябыту больш як 20-ці тысяч закатаваных сталіністамі беларусаў ён ахвяраваў літаральна ўсім, у тым ліку кар’ерай паспяховага бізнесоўца.

«Дзесяць тамоў энцыклапедычных даведнікаў, я ўжо не кажу пра ягоныя астатнія мастацкія і навуковыя творы – аб сталінскіх рэпрэсіях, біяграфіях і найрадчэйшых фотаздымках, тое, што ён сістэматызаваў, абагульніў сваёй творчасцю цягам 15-20-ці гадоў – гэта праца навуковых інстытутаў», – зазначыў Алесь Макаеў.

Платная «дабрачыннасць» і абыякавасць дзяржавы

Напярэдадні ж стала вядома, што Леаніда Маракова пераводзяць з госпісу ў Дом міласэрнасці. Між тым выявілася, што перабыванне ва ўстанове, на збудаванне якой беларусы збіраліся літаральна ўсёй краінаю ды з дапамогаю еўрапейскіх дабрачынных фондаў, платнае: содні тут каштуюць ажно Br 35 рублёў – сума, якой не ў стане дазволіць сабе сярэдні беларус. Той жа факт, што ані царква, ані дзяржава не знайшлі ані грошай, ані міласэрнасці, каб дапамагчы смяротнахвораму рупліўцу нацыянальнае памяці, абурыў шмат каго.

«Гэта жудасная і цынічная сітуацыя! Сітуацыя, якая даказвае, што нашай дзяржаве да людзей папросту няма аніякае справы. Людзі, якія паміраюць, – іх вось так кідаюць, і яны ад болю папросту крычаць. І нават каб зрабілі ўкол, гэта трэба вельмі і вельмі пастарацца. Гэта нейкае дзікунства, абуральнае дзікунства!», – абурылася журналістка Святлана Калінкіна.

Зрэшты, а чаго чакаць ад тых, хто ўсцяж ухваляе сталінскі рэжым? Уся надзея – толькі на дапамогу грамадства. Дапамогу тых, трагічныя лёсы чыіх сваякоў Леанід Маракоў вяртаў з нябыту.

Дапамагчы Леаніду Маракову можна праз МТБ Банк. Рахунак – № 5351 0410 8976 2734

Валер Руселік, «Белсат»

Стужка навінаў