Святлана Калінкіна: Будзе менш аферыстаў у апазіцыі!


 Выбары ў Беларусі фальсіфікуюць не толькі ўлады, але і тыя, хто называе сябе яе апанентамі. Паводле Яраслава Берніковіча, менскага каардынатара штабу Таццяны Караткевіч, за вылучэнку ад кампаніі «Гавары праўду!» у час леташніх прэзідэнцкіх выбараў не было сабрана нават паловы неабходных для рэгістрацыі подпісаў.

Заяву свайго былога паплечніка экс-кандыдатка ўжо акрэсліла як брудную закулісную гульню апазіцыі. Пры гэтым наўпрост абвінавачанняў у махлярстве Караткевіч у размове з «Белсатам» чамусьці не абвяргае.

«Я лічу, што як раз вось гэткія заявы праз год ці крыху менш гавораць толькі пра тое, што гэта яшчэ адзін факт таго, як можна яшчэ дадаткова ўнесці раздрай у і без таго слабыя дэмакратычныя сілы». – мяркуе Таццяна Караткевіч, грамадзянская кампанія «Гавары праўду!»

Сам жа Берніковіч не адмаўляе, што скандальнаму прызнанню праз год маўчання паспрыяў і асабісты канфлікт з кіраўніком кампаніі Андрэем Дзмітрыевым. Аднак галоўнай прычынай былы актывіст «Гавары праўду!» называе… цяперашнюю разʼяднанасць апазіцыі напярэдадні парламенцкіх выбараў.

«Калі б была кааліцыя, то гэтае пытанне знялося б, бо кааліцыйна сабраць подпісы можна за кожнага кандыдата – за ўсіх 110 кандыдатаў. За трыста кандыдатаў мы не будзем ведаць, хто сабраў подпісы сапраўды, а хто – сфальсіфікаваў. А ўлада будзе выбіраць сабе апанента», – зазначае Яраслаў Берніковіч, былы каардынатар штабу Таццяны Караткевіч.

Сумневы ў тым, што паасобку апазіцыйныя кандыдаты могуць сабраць 100 000 подпісаў, гучалі і раней – у час прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Між тым рэгістрацыю тады прайшлі ажно дзесяць кандыдатаў. Праўда прабілася вонкі ў 2015, калі лідары Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін адмовіліся ад гонкі, прызнаўшыся ў няздольнасці сумленна прайсці рэгістрацыйны барʼер.

«Яшчэ калі здаваліся подпісы Таццянай Караткевіч падчас выбарчай, гучалі адназначныя заявы і сведчанні таго, што подпісаў яна не сабрала. Я нагадаю, што старшыня партыі «Справядлівы свет» тады папросту сказаў, што калі Таццяна абвесціць пра 100 000 сабраных подпісаў – гэта будзе азначаць, што яна дамовілася з рэжымам. Таццяна абвесціла», – распавядае журналістка Святлана Калінкіна.

Магчымасць абвергнуць усе абвінавачанні на свой адрас яшчэ тады штаб Караткевіч адкінуў уласнаруч, адмовіўшыся перадаць сабраныя подпісы на незалежнае правяранне. Пра перашкоды спраўдзіць іх масава сведчылі і незалежныя назіральнікі ў выбарчых камісіях. Сёлета ж кампанія «Гавары праўду!» таксама збіраецца ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Але ці паўплывае заява Берніковіча на іх празрыстасць?

«На будучыню будзе менш аферыстаў у апазіцыі, гатовых дзейнічаць тымі ж метадамі, якімі дзейнічае ўлада: падманваць, фальсіфікаваць, нешта ўсё перакручваць, выкручвацца, не адказваць на наўпроставыя пытанні – я спадзяюся, што сапраўды калі гэтая кампанія будзе даведзеная да лагічнага канца, гэткіх дзеячаў у апазіцыі будзе значна менш» – падсумоўвае Святлана Калінкіна.

Балазе гаварыць праўду лепш нават позна, чым ніколі.

Валер Руселік, Белсат

Стужка навінаў