Святлана Алексіевіч выказалася пра крытыку Зянона Пазняка ў ейны бок


Нобэлеўская лаўрэатка Святланы Алексіевіч створыць у Менску інтэлектуальны клуб, які пачне працаваць ад верасня.

Пра свае найбліжэйшыя планы пісьменніца распавяла 8 траўня ў Менску на майстар-класе, прысвечаным мастацтву рэпартажу, арганізаваным «Прэс-клубам Беларусь», падае БелаПАН.

«Я падумала, што проста аддаваць грошы бессэнсоўна, таму вырашыла [стварыць] інтэлектуальны клуб. Там будуць выступы сапраўды вельмі вядомых у свеце, у Расеі, Беларусі інтэлектуалаў», – патлумачыла лаўрэат Нобэлеўскай прэміі.

Пасяджэнні інтэлектуальнага клубу будуць праходзіць у галерэі Tut.by, дзе адначасова змогуць размясціцца каля 250 чалавек. «Я буду весці і ўтрымліваць гэты клуб, бо за ўсё ж трэба плаціць… Любы чалавек зможа наведаць яго, ніякіх закрытых клубаў», – сказала Алексіевіч.

Першым госцем інтэлектуальнага клубе, які адкрые цыкл лекцыяў у верасні, стане расейская паэтка, празаік, перакладчык, філолаг і этнограф Вольга Седакова. На думку Алексіевіч, Седакова – «найбольш цікавая пісьменніца-мыслярка нашага часу».

«Яна кажа пра тое, чаму мы ў хвасце цывілізацыі, чаму з намі адбываецца тое, што адбываецца, чаму чалавек, які выйшаў з лагеру, не можа і не хоча быць назаўтра вольны. Чаму яму лягчэй і ўтульней сядзець у банальнасцях і пасрэднасці, ён як бы не напружваецца, а большасць людзей да гэтага схільныя», – сказала Алексіевіч.

У планах пісьменніцы таксама запрасіць на пасяджэнне інтэлектуальнага клубу расейскага кінарэжысёра і сцэнарыста Аляксандра Сакурава, вядомага сваёй праўкраінскай пазіцыяй у канфлікце на Данбасе. На кожнай сустрэчы, сказала пісьменніца, слухачы таксама змогуць выказаць пажаданні, каго з лектараў яны хацелі б пачуць. Да моманту адкрыцця клубу плануецца запусціць афіцыйны сайт, на якім можна будзе азнаёміцца з анонсам лекцыяў і запрошанымі гасцямі.

«Я лічу, што трэба даваць вуду, а не карміць рыбака, – патлумачыла важнасць інтэлектуальнага клубу Алексіевіч. – Трэба даваць разумовы, размоўным рух людзям… Нам трэба сябе за вушы цягнуць з таго стану, каб мы ўжо не былі людзьмі на балоце».

«Я лічу, што наша галоўная бяда – правінцыйнасць. Хай там Пазняк (старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФрэд.) кажа, што я прыніжаю беларускі народ, а гэта глупства; што калісьці, у часы ВКЛ, мы былі такія вялікія і свабодныя. Дык гэта калі было? Сёння мы вось такія, і няма чаго займацца гэтай рамантызацыяй. Чым больш мы будзем сябе рамантызаваць, тым даўжэй мы будзем сядзець там, дзе мы сядзім», – лічыць пісьменніца.

Упершыню пра планы стварыць інтэлектуальны клуб Святлана Алексіевіч паведаміла ў сярэдзіне снежня журналістам, якія сустракалі яе ў аэрапорце, калі яна вярталася ў Менск са Стакгольму пасля афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджання нобэлеўскіх лаўрэатаў. «Думаю, што я арганізую такі інтэлектуальны клуб, куды будзем запрашаць разумных людзей, каб яны з намі размаўлялі. З усяго свету», – заявіла тады Алексіевіч.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў