Святлана Алексіевіч: цяжкасць адлюстравання рэальнасці у тым, што яна паскорылася, і ў нас няма часу падумаць (ВІДЭА)

video

Лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч адказала на пытанні журналістаў у Стакгольме.

– У чым адрозненне Святланы Алексіевіч перыяду «У вайны не жаночы твар» ад Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд»?

– Тады я была маладая і ў мяне захоўваліся ілюзіі, і я таксама не адразу вызвалілася ад камуністычных ілюзіяў. Апошнюю кнігу напісаў чалавек вольны ад ілюзіяў. І цяпер мне цяжэй верыць у асобу, у будучыню. Я як бы веру ва ўсё гэта, але не так неабдумана.

– Успрымаць асабістыя гісторыі гэта цяжкая праца. Як вы з гэтым спраўляліся?

-Я з гэтым не пагаджуся. У мяне ад раку памерла сястра. Я шмат часу правяла ў шпіталі, і бачыла, што адчуваюць дактары, асабліва дзіцячыя хірургі. І пасля гэтага я сабе сказала, што я ніколі не скажу, што мая праца цяжэйшая за іх. І бачыла як моліцца манашка, шалёна, і я таксама падумала, што не малюся больш за яе.

-Вы пісалі пра жанчын і іх ролю ў Другой сусветнай вайне, пра жаўнераў у Афганістане, цяпер мы бачым расейскіх вайскоўцаў ва Украіне і Сірыі. Ці думаеце Вы пра Трэцюю сусветную вайну, што думаеце пра гэта?

-Галоўнае чытво ў маіх сяброў, тых, хто захаваў адэкватны стасунак да рэальнасці на ўсёй постсавецкай прасторы – кнігі-ўспаміны перад рэвалюцыяй 1917 года і кнігі, якія распавядаюць, пра 30-ыя гады ў Нямеччыне. То бок пра фашызм у нашым жыцці. Гэта пачуццё, з якім жыву і я.

-Як вы выпрацавалі свой метад і ці заўсёды вам падабалася дакументалістыка?

-Мае бацькі вясковыя настаўнікі, у нашым доме былі толькі кнігі. Але тым не менш, слухаць людзей на вуліцы мне было нашмат цікавей. Калі я стала журналісткай, я шукала сябе. У гэты час у Беларусі зʼявіліся кнігі Алеся Адамовіча і яго суаўтараў, але ідэя была яго, якія спрабавалі з размоваў зрабіць кнігу. Калі я прачытала гэту кнігу, то яшчэ больш упэўнілася, што гэты раман галасоў і ёсць мой шлях. У чым сёння цяжкасць адлюстравання рэальнасці ў тым, што яна паскорылася і ў нас няма часу падумаць. І таму новы змест патрабуе новых формаў.

Сёння а 19:30 па менскім часе адбудзецца Нобэлеўская лекцыя Святланы Алексіевіч.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары