Святлана Алексіевіч другі раз стала лаўрэатам прэстыжнай літаратурнай прэміі ў Польшчы


Размовы з сучаснымі беларускімі вяскоўцамі нібыта адкідваюць на 20 гадоў назад, адзначыла вядомая пісьменніца і публіцыст Святлана Алексіевіч, якая прэзентавала ў Варшаве кнігу «Час сэканд-хэнд» у перакладзе на польскую мову і ў другі раз стала лаўрэатам прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Рычарда Капусцінскага.

Савецкасць у кожным з нас

– Мінула два гады пасля выхаду вашай апошняй кнігі. Ці не настаў час напісаць працяг пад назвай «Час постсэканд-хэнд»?

– Не, справа ў тым, што 35 гадоў я пісала гісторыю, энцыклапедыю «чырвонай цывілізацыі». «Час сэканд-хэнд» – гэта заключная кніга пра развал імперыі, пра нашу катастрофу, пра няздольнасць ні эліты, ні народу сапраўды пачаць новае жыццё. Ісці кожны год за новым паваротам – гэта не справа мастака. Усё, што я хацела сказаць, я сказала.

– Вы казалі, што ў свой час шмат паездзілі па Расеі, дзе найбольш захаваўся камунізм і «чырвоныя чалавечкі». На вашую думку, ці не стала гэта прычынай масавага адыходу ад глузду ў людзей у Расеі?

– Я хачу сказаць, што вы наіўныя і думаеце, што гэта толькі ў Расеі. Гэта на ўсёй постсавецкай прасторы. Калі б улады зверху справакавалі вось гэтак беларусаў, было б тое самае, я вас запэўніваю, бо «чырвоны чалавек» мае прыкметы, якія ёсць паўсюдна. Я думаю, што расстацца з мінулым – гэта надзвычай складана. Гэтая савецкасць у кожным з нас – сярод тых, хто застаў гэты час альбо застаў памяць пра яго. Канешне, у Расеі гэта адбываецца найбольш ясна і зразумела, бо атрымліваецца, што ў канцы ХХ стагоддзя «перабудову» зрабіў Гарбачоў і кучка інтэлігентаў. А народ маўчаў. Вось ён маўчаў 20 гадоў і ў гэтым маўчанні, калі я пачала ездзіць па Расеі, была бачная яго нязгода з «перабудовай». Яго гэта не задавальняла, ён гэтага не разумеў, то бок ён не быў гатовы да новага жыцця, да будучыні.

– На вашую думку, якое сёння месца аўтара ў грамадстве? Яно такое ж, як за савецкім часам ці кардынальна змянілася?

– У мяне некалі быў такі дыялог з філосафам Акудовічам. І ён спрабаваў пераканаць мяне слухачоў, што цяпер час інтэлектуалаў, а яму напляваць, што адбываецца ў грамадстве, бо ён заняты сваім асобным жыццём і сваёй асобнай працай. Я ж яму пярэчыла, што і цяпер магу сказаць: мы, на жаль, не жывем яшчэ ў свабодным грамадстве, як у Еўропе, калі насамрэч інтэлектуал можа жыць зусім асобна і рабіць сваю працу. Я жыла ў Нямеччыне гады тры, і магу сказаць, што ўсе пісьменнікі там вельмі палітызаваныя, і такога абстрактна свабоднага пісьменніка нідзе няма, а ў нас тым больш, бо мы па-ранейшаму на барыкадах, мы па-ранейшаму замест будучыні выбралі мінулае, то бок у мастака, на жаль, дагэтуль няма свабоды, пра якую ён марыць. Даводзіцца быць на барыкадах, хоць мне не вельмі падабаецца гэтае месца.

– Уладзімір Някляеў не так даўно выйшаў з усіх апазіцыйных структураў, а таму, як ён сам кажа, зноўку стаў паэтам. Ці абавязкова пісьменнікі павінны займацца палітыкай ці быць пісьменнікам у Беларусі – гэта і так быць палітыкам?

– Калі мы возьмем тую ж Чэхію, то там Вацлаў Гавэл быў вымушаны займацца палітыкай. Дарэчы, у Эстоніі, калі я не памыляюся, чалавек літаратуры таксама заняты палітыкай – прэзідэнт, які мае канкрэтную ўладу. Трэба сабе абсалютна выразна ўяўляць, што мы жывем у прамежкавы час, што мы яшчэ не выскачылі ў прастору свабоды, і, на жаль, усе гэтыя мантры нядаўняга мінулага яшчэ працуюць, іншага няма. Мае бацькі – сельскія настаўнікі, і я вырасла ў вёсцы, пакуль не паехала ва ўніверсітэт. Я нядаўна была ў той вёсцы на магіле сястры і магу сказаць, што практычна нічога не змянілася. Іншыя машыны стаяць, жанчыны апранутыя ў кітайскія шмоткі, шырпатрэб гэты, але калі загаворыш з чалавекам, цябе нібы адкідвае на 20 гадоў назад. На жаль, мы нічым не можам сябе абрадаваць.

Глядзіце яшчэ: Святлана Алексіевіч: беларускамоўнае гета – злое, малаадукаванае, прымітыўнае

Святлана Алексіевіч напіша кнігу пра любоў і шчасце

Размаўляў Віталь Бабін, belsat.eu

Стужка навінаў