Алексіевіч пра польскую аўтарку рэпартажаў з Палесся: Чалавек глядзіць на ўсё са свабоднага свету


Спадарыня Малгажата – зорка польскага рэпартажу, які сёння перажывае росквіт. Яна пісала пра розныя рэгіёны – ад польскай Сілезіі да Зімбабвэ, і гэта ўжо дванаццатая ейная кніга. За тэму Палесся ўзялася, бо пра яго марыў напісаць, але не паспеў вялікі рэпартэр, нарадзінец Пінску Рышард Капусціньскі. А яшчэ, паўжартам дадае аўтарка, на слыху была песня «Чары Палесся», і заўжды цікавіла, што ж гэта за чары.

«У мяне засталіся два галоўныя ўражанні ад Палесся. Краявід мяне расчараваў, а вось людзі – наадварот. Я не чакала, што сустрэну такіх зычлівых, добрых і цікавых людзей», – адзначыла Малгажата Шэйнэрт.

Аўтарцы ў ейных экспедыцыях дапамагалі жыхары ды знаўцы Палесся, што сталі і героямі кнігі – як, напрыклад, лінгвіст Фёдар Клімчук, вядомы тым, што пераклаў Новы Запавет на гаворку вёскі Сіманавічы. Такім чынам, у кнізе тры пласты: беларускае, польскае і габрэйскае мінулае Палесся, погляд сённяшніх палешукоў ды гісторыі замежных вандроўнікаў. Кніга выйшла толькі год таму і ўжо займела беларускі пераклад Алены Пятровіч і Марыі Пушкінай.

Цікава, што назваю кнігі стаў радок з песні беларускага гурта «ТонкіХод» «Насыпаць горы», якую аўтарка выпадкова пачула на сустрэчы ў Вільні ды знайшла найлепшаю метафараю для гісторыі Палесся.

«Кніга цікавая тым, што гэта погляд на Палессе не знутры, як мы бачым. Як бы мы тут ганарліва не заяўлялі, што мы нейкія новыя людзі ўжо, усё адно нават у маладых, не кажучы ўжо пра маё пакаленне і ніжэй, яшчэ вельмі шмат савецкага погляду. А тут чалавек глядзіць на ўсё са свабоднага свету, свабоднымі вачыма», – адзначыла пісьменніца Святлана Алексіевіч.

І погляд гэты вельмі глыбокі – кніга пра шматлікіх палескіх герояў: Напалеона Орду, Казіміра Свёнтка, Хаіма Вэйцмана – пра стасункі паноў і сялянаў, пяцідзясятнікаў і каталікоў, пра калгасы і палацы магнатаў – словам, сапраўдныя горы чалавечай памяці на палескай дрыгве.

Аляксандра Дорская, «Белсат»

Стужка навінаў