Нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч заявіла, што яе словы наконт тэарэтычнага сцэнара вайны каталікоў з праваслаўнымі не трэба разумець літаральна – гэта была метафара.
У пятніцу ў эфіры тэлеканалу «Дождь» Алексіевіч заявіла, што Расея можа развязаць вайну ў Беларусі, як яна гэта ўжо зрабіла на Данбасе.
«Дайце ў Беларусь танкі, зброю – і там каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна», – сказала Алексіевіч.
Гэтыя словы выклікалі хвалю абурэння і здзеклівых каментароў у беларускай блогасферы.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да Алексіевіч з адкрытым лістом, дзе адзначыў, што вайну каталікоў з праваслаўнымі «немагчыма сабе ўявіць у Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны».
«Калі мне задалі пытанне пра Украіну, я сказала, што Крым – гэта, несумненна, акупацыя, а што тычацца Данбасу – гэта, вядома, вайна, развязаная Пуціным. Такую вайну можна развязаць у любым месцы. Можна адправіць туды танкі, пару машын з аўтаматамі, адмарозкі заўсёды якія-небудзь знойдуцца. Гэта можна разгайдаць і ў Беларусі, каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі. Трэба было мне сказаць, што і праваслаўныя з каталікамі, што ва Украіне нават праваслаўныя з праваслаўнымі [ваююць]. Ні пра якіх каталікоў, ні пра якую вайну ў Беларусі гаворка не ішла. Я здзіўляюся, як яны змаглі прачытаць усё гэта. Гэта была метафара, ня [літаральна] пра тое, што каталікі будуць ваяваць з праваслаўнымі», – патлумачыла Святлана Алексіевіч у інтэрвʼю TUT.by.
ІІ, belsat.eu