Святлана Алексіевіч: Дэкамунізацыю трэба праводзіць хутка, усенародна


Нобэлеўская лаўрэатка сустрэлася з украінскімі журналістамі.

Ніжэй падаем некаторыя выказванні вядомай пісьменніцы.

Пакуты – гэта наш галоўны капітал, нашая культура.

Зараз, калі я намагаюся пісаць іншую кнігу, пра каханне, я адкрываю, што людзі не могуць пра гэта гаварыць. Паколькі мы ўсе закладнікі культуры пакутаў. Любы можа распавесці, як ён цярпеў, як яны цярпелі, што яны зрабілі, а каханне – гэта нейкае імгненне.

Я як пісьменнік стаўлюся да кахання як да формы інфармацыі. Калі літаратура зʼяўляецца сувяззю паміж людзьмі, то нашая форма сувязі – гэта пакуты. Калі кожны з нас паглядзіць на сваё жыццё і ўзгадае блізкіх людзей, то, хіба, узгадае, што галоўныя апавяданні былі пра пакуты.

Пра надзеі пасля развалу СССР

Тое, чым я займаюся 30 з лішнім гадоў – гэта энцыклапедыя чырвонай утопіі. Калі мы ў дзевяностыя гады былі рамантыкамі, у нас пачалася дзяржаўнасць, яшчэ не было вайны. Нам падавалася, што камунізм памёр. І калі я пачула сярод сваіх сяброў-інтэлектуалаў пэўны скептыцызм, мне падавалася, што гэта немагчыма, што гэта незваротна.

Хаця першыя званочкі ўжо былі: не было люстрацыі, дэкамунізацыі. Чаму я і думаю, што вы ў апошнія гады, пасля другога Майдана, вельмі правільна робіце, што праводзіце гэтую дэкамунізацыю. Яе трэба праводзіць хутка, усенародна, яе трэба тлумачыць людзям.

Таму што мы ў Беларусі, Расеі, дзе я збірала матэрыял для сваёй кнігі, мы жывем з адчуваннем паразы. Тое, на што мы спадзяваліся, не адбылося. Вольнасці мы не змаглі дабіцца.

Пра нашую культуру вайны і культуру барацьбы

Чаму гэтая тэма? Мы, канешне, усе вайсковыя людзі. Калі я ехала сюды да вас, я думала, пра што гаварыць. Я паводле перакананняў пацыфістка. Тыя пакуты, правадніком якіх я была, яны прымусілі мяне вырвацца з культуры, з нашай культуры вайны, культуры барацьбы, барыкады і прыйсці да адчування, што вышэй за ўсё – чалавечае жыццё.

Я нават калі пісала ліст вашай Надзеі Саўчанцы, яна ў апошні раз галадала, я пісала: «Надзея, ты цудоўны чалавек, але застанься жыць. У цябе будзе жыццё, ты яшчэ дакажаш, ты ўсё яшчэ зробіш».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў