Святлана Алексіевіч атрымала прэмію Паліткоўскай


Праваабарончая арганізацыя Reach All Women in War («Дапамагчы кожнай жанчыне ў агні вайны») прысудзіла прэмію імя Ганны Паліткоўскай беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч.

Арганізатары ўзнагароды адзначылі, што пісьменніца мноства гадоў выступае «супраць несправядлівасці на постсавецкай прасторы і дае голас тым, хто патрапіў у пастку канфліктаў».

«Яна неаднаразова крытыкавала расейскую анексію Крыму і парушэнне правоў чалавека ў канфлікце ва Усходняй Украіне, а таксама звяртала ўвагу на алігархію і рост нацыяналізму ўва Украіне – з-за гэтага ёй пагражалі як расейскія, гэтак і ўкраінскія нацыяналісты», – гаворыцца на афіцыйнай старонцы арганізацыі.

У лісце, апублікаваным на старонцы арганізацыі, Алексіевіч прызнаецца, што ўзнагарода вельмі важная для яе.

«Мае сябры і я спрабуем супраціўляцца змроку, які акружае нас сёння і паглынае ўсё навокал, але нашыя намаганні не бачныя. Аднак мы ўсё роўна працягваем сваю справу для таго, каб заставацца вернымі сабе. Дзякуй за вашу падтрыманне», – напісала Алексіевіч.

Другой сёлетняй лаўрэаткай стала грамадзянская актывістка Біналакшмі Нэпрам родам з індыйскага штата Маніпур, дзе апошнія 70 гадоў працягваецца ўзброены канфлікт. У 2007 годзе праваабаронца стварыла арганізацыю «Жанчыны Маніпур – ахвяры ўзброенага гвалту», якая дапамагае пацярпелым у канфлікце жанчынам пачаць новае жыццё. З-за пагрозы жыцця Нэпрам была вымушаная з’ехаць з Індыі.

Узнагароду імя Паліткоўскай Reach All Women in War прысуджае з 2007 года. Прэмія носіць імя журналісткі «Новай газеты» Ганны Паліткоўскай, забітай у Маскве ў 2006-м годзе.

Першай лаўрэаткай узнагароды стала расейская журналістка і праваабаронца Наталля Эстэмірава, якую забілі ў Чачэніі ў 2009-м.

ДД

Стужка навінаў