Святлана Алексіевіч: «Адно са злачынстваў улады – тое, што Чарнобыль не стаў той з’явай, якую б абмяркоўвалі»


Вакол Чарнобыльскай катастрофы можна было аб’яднаць нацыю. Але гэтага не здарылася, бо тэму замоўчвалі, не абмяркоўвалі і не аналізавалі. Інфармацыя пра наступствы застаецца табу і дагэтуль, бо ўлады добра разумеюць : калі памятаць пра Чарнобыль, то будаўніцтва новай АЭС будзе выглядаць найгоршым абсурдам.

«На маю думку, адно са злачынстваў улады – гэта тое, што Чарнобыль не стаў той з’явай, якую б абмяркоўвалі. У гэтым выпадку мы маглі б лепей супрацьстаяць катастрофе. А так мы пакінулі ўсё для нашчадкаў. Калі не даць людзям новых ведаў, яны і будуць жыць па-старому», кажа Святлана Алексіевіч на прэзентацыі кнігі Аляксандра Тамковіча «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы да сада надзеі».

Кніга распавядае пра Чарнобыль з дзвюх бакоў: адсюль, дзе здарылася катастрофа, і з-за мяжы. У прыватнасці, ад тых замежнікаў, што дапамагалі і дапамагаюць пацярпелым ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. На прэзентацыі сярод слухачоў – больш сталае пакаленне. Многія з іх – удзельнікі праектаў дапамогі пацярпелым ад радыяцыі дзецям, дыпламаты, а таксама – больш за дзясятак немцаў, якія прыехалі наўпрост з Лунінца, дзе наведвалі хворых дзяцей.

«Мы – маленькая ініцыятыва, але ў нас ёсць мэта: каб пра Чарнобыль не забыліся. Чарнобыль не прайшоў і не скончыўся, і ён адбыўся не на адным месцы, але датычыцца і зараз усіх ва ўсім свеце», распавядае Ангела Гесляр, прадстаўніца фонду дапамогі дзецям Чарнобыля з Ротвайля, невялікага гораду на поўдні Германіі.

Ангела Гесляр

Кніга Аляксандра Тамковіча таксама выйшла пры дапамозе неабыякавых немцаў. Яна пачыналася яшчэ шмат гадоў таму пры жыцці Генадзя Грушавога, заснавальніка фонду «Дзеці Чарнобыля», але скончана была толькі пасля яго смерці.

«Немцы мне дапамаглі, мы праехалі амаль 5 тысячаў кіламетраў па Чарнобыльскай зоне. Мяне вельмі ўразіла тое, што прайшло ўжо 30 гадоў пасля катастрофы, а яны дапамагаюць», распавядае Аляксандр Тамковіч.

Аляксандр Тамковіч

Беларускія сведкі адзначаюць, што тым часам у нашай краіне чарнобыльская тэма ўсё больш парастае абыякавасцю і забыццём. У забруджаных радыяцыяй зонах даўно растуць сельскагаспадарчыя расліны і ўсё да гэтага ўжо звыклыя. Людзі збіраюць грыбы і ягады нават у месцах, пазначаных знакам «радыяцыйнае забруджанне».

«Дзеці з чарнобыльскімі захворваннямі, якіх мы адпраўляем зараз на лячэнне за мяжу, не могуць расказаць сваім прыёмным сем’ям пра тое, што тут сапраўды адбылося. А тым часам, няма ніводнага беларуса, у каго б у арганізме не было чарнобыльскіх радыенуклідаў», – распавядае Валянціна Смольнікава, былы педыятр з Буда-Кашалёва. Праз яе рукі праходзілі першыя дзеці, хворыя на рак шчытападобнай залозы пасля аварыі на ЧАЭС. «Як саркафаг накрыў атамны рэактар, так у Беларусі тут стаў саркафаг над думкамі, над сэрцам чалавека, і наступіла раўнадушша».

Валянціна Смольнікава

Выбух на станцыі адбыўся ў час саветаў, з іх сістэмай інфармавання насельніцтва і пры савецкіх метадах працы ўлады з медыямі. Нічога не змянілася і ў 21-м стагоддзі, калі ў Беларусі на поўную хаду ідзе будаўніцтва і, здавалася б, самы час інфармаваць насельніцтва аб радыяцыйнай бяспецы, каб правільна дзейнічалі ў выпадку катастрофы. Час найбольш клапаціцца аб гэтым, каб пазбегнуць чарнобыльскіх недаравальных наступстваў.

«Улада ж разумее, што ў нашай дзяржаве з такім досведам Чарнобыля, канешне ж, не трэба было б рызыкаваць і будаваць новую атамную станцыю. Можна было б выкарыстаць вопыт скандынаўскіх або іншых краінаў, шукаць іншыя, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Але ж для гэтага патрэбна іншае мысленне, чалавек павінен быць культурным. Любая аўтарытарная ўлада, гэта, як правіла, малакультурная ўлада», кажа Святлана Алексіевіч.

Нобелеўская лаўрэатка таксама брала ўдзел у стварэнні кнігі, сярод суаўтараў таксама значыцца паэт Уладзімір Некляеў, рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Кніга выйшла адразу на нямецкай і беларускай мовах. Пры гэтым нямецкі варыянт ці не ўдвая таўсцейшы праз мапы, а таксама слоўнік – даведнік тэрмінаў. Як распавядаюць аўтары, было вырашана, што немцам трэба больш патлумачыць, чым беларусам.

Кніга ў Беларусі выйшла невялікім тыражом. На прэзентацыі нават не было магчымасці яе набыць.

«Па-першае, для мяне кнігі ніколі не былі камерцыйным праектам, – кажа Аляксандр Тамковіч. А па-другое, зараз яна дзяржаве непатрэбная. Сёння іншы трэнд».

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў