Прысуд Барановічу пакінулі ранейшым - 3 гады ўзмоцненага рэжыму


Сёння Менскі гарадскі суд разгледзеў касацыйную скаргу Святаслава Барановіча і пакінуў прысуд без зменаў. Раней Барановіча пакаралі 3 гадамі зняволення за «гвалт у дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў».

Самога асуджанага на паседжанне не даставілі.

У судовую залу падтрымаць асуджанага прыйшоў апазіцыйны палітык Павел Севярынец, а таксама паплечнікі Міколы Статкевіча, актывісты Сяргей Спарыш і Валянцін Трокскі. Прысутныя ў залі скандавалі «Ганьба!», абураліся. Пасля Севярынец сышоў на знак пратэсту, а Спарыша і Трокскага выдалілі.

«Калі хтосьці нападае на мірных людзей, не ў кожнага хопіць мужнасці супрацьстаяць. Таму вялікі дзякуй і слава тым людзям, якія гатовыя заступацца на ват не за сяброў, а проста за іншых людзей, нават ведаючы, што сядуць за гэта ў турму на гады.

І хаця паводле закону ты маеш права на самаабарону, усе разумеюць: калі перад табой супрацоўнік дзяржаўных органаў, ты будзеш вінаваты на сто адсоткаў. Злачынцы могуць адчуваць сябе прывольна. Гэта спроба зрабіць сваіх жа людзей рабамі і зломіць рэжым. Цярпенне ў беларусаў ёсць, але яно не бязмежнае», – пракаментаваў сітуацыю Павел Севярынец.

Нагадаем, 15 сакавіка 2017 года падчас «Маршу недармаедаў» у Менску сілавікі ў цывільным пачалі затрыманні на транспартным прыпынку і ў тралейбусе, завязалася штурханіна. Як распавядаў на судзе сам Барановіч, ён убачыў, што чалавек у цывільным цягне кагосьці і аўтаматычна ўдарыў яго, спрабуючы адбіць імавернага пратэстоўца.

Затрымалі яго толькі ў кастрычніку. Спачатку ён не прызнаў віны, але пасля перамоваў з адвакатам змяніў свае паказанні.

Пазней, калі міліцыянт Арцём Паўлаў сведчыў на судзе, ён адмовіўся ад прэтэнзіяў да Барановіча. Аднак суд усё роўна прызнаў Барановіча вінаватым.

***

Святаслаў Барановіч – экс-палітвязень, ён правёў некалькі месяцаў у ізалятары пасля Плошчы-2010, па справе аб «масавых беспарадках». Цяпер жа стаўленне праваабаронцаў наконт таго, ці прызнаваць яго палітычным зняволеным, падзяліліся. Праваабарончы цэнтр «Вясна» не прызнаў Барановіча палітвязнем.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў