Святар-відэаблогер «Бацюшка адкажа»: будуць «наезды» на царкву!


Малады праваслаўны святар, навучэнец Менскай духоўнай семінарыі, стварыў відэаблог пра вечнае, у якім збіраецца раскрываць тэмы рэлігіі ды іншых надзённых пытанняў.

На «Youtube’е» Аляксандра Кухты ўжо ёсць некалькі пілотных ролікаў. У відэа ён паўстаў у двух вобразах: сябе-святара і скептыка-апанента. У гэткай дыскусіі паміж рэальным святаром і сваім альтэр-я, Аляксандр разважае на прадмет адрознення рэлігіі ды навукі, дыскутуе наконт таго, хто ведае больш брыдотаў пра царкву, і падае праваслаўны гараскоп.

Як распавёў Аляксандр Кухта belsat.eu, галоўнае ў кожнай справе – не быць нудным.

«Цалкам натуральна гаварыць з людзьмі на адной мове і ў зручным усім фармаце. Адзін добры чалавек падказаў формулу, згодна з якою, каб святара пачулі, перш за ўсё, трэба не быць сумным. Першыя два ролікі – своеасаблівая выведка боем, каб атрымаць фідбэк, набіць пару гузоў і вызначыцца з фарматам далей. Ролікам адназначна быць!».

Паводле аўтара блогу, тэматыка відэа будзе змяняцца – ад усёабдымных і глабальных да больш прыземленых і надзённых.

«У чарнавы спіс будучых тэмаў я ўжо ўключыў «легалізацыю наркотыкаў», «мужчыны, якія сыходзяць у дэкрэт», «пластычныя аперацыі». Ёсць думкі і наконт ролікаў з больш глыбокім зместам. Адзін з іх будзе датычыць размоваў пра больш складаныя «наезды» на царкву».

Аляксандр Кухта жыў у Менску, скончыў ліцэй БДУ, пасля чаго паступіў у Менскую духоўную семінарыю. Пасвечаны ў святары, служыць у прыходзе св. Дзмітрыя Растоўскага ў пасёлку Міхановічы пад Менскам і працуе ў Сінаідальным місіянерскім аддзеле Беларускай праваслаўнай царквы.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў