Канцэрт «Драздоў» ды адкрыццё помніка Дуніну-Марцінкевічу і Манюшку. Менск адзначае Дзень гораду


Сёння Менск адзначае 949 дзень народзінаў. Асноўныя святкаванні з гэтае нагоды разгорнуцца каля Палаца спорту і на тэрыторыі Верхняга гораду, а ўсяго ў межах галоўнага сталічнага свята пройдзе прыкладна 90 мерапрыемстваў.

На 11:00 запланавана ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак ад кіраўніцтва гораду да абеліска «Менск – горад-герой» на праспекце Пераможцаў. У ёй возьме ўдзел старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац.

А 12:00 у канцэртнай зале «Верхні горад» дзевяць параў з розных раёнаў Менску возьмуць шлюб.

У гэты ж час каля Палаца спорту адкрыецца святочная праграма з удзелам творчых калектываў і майстроў мастацтваў Беларусі. Будзе працаваць выстава-кірмаш «Горад майстроў», а кухары сталічнага грамадскага харчавання правядуць майстар-класы па прыгатаванні страваў беларускай кухні. Тут жа адбудзецца спартыўнае мерапрыемства «Жалезны пажарны» і міжнародны турнір па сілавым экстрыме «Minsk Open Cup-2016».

У Менскім палацы дзяцей і моладзі на Старавіленскім тракце апоўдні пачнецца Свята сямʼі. А па вуліцы Сталетава, 1, а 12:00 адкрыецца Парк экстрэмальных відаў спорту.

А 13:00 на тэрыторыі Верхняга гораду будзе ўрачыста адкрыты помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку.

А 18:00 каля Палаца спорту музычную праграму «Класіка любімаму гораду» прадставіць Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. На канцэрце таксама выступяць папулярныя беларускія выканаўцы Дзмітрый Калдун, гурт «Дразды» ды іншыя.

У гэты ж час у тэатры оперы і балета адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў традыцыйнага конкурсу «Мянчук года», а пазней – канцэрт артыстаў беларускай оперы.

Завершыцца субота музычна-піратэхнічным феерверк-шоу ў раёне Палаца спорту, якое пачнецца а 22:00.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць сёння ва ўсіх раёнах гораду, у тым ліку каля комплексу «Чыжоўка-Арэна», у Лошыцкім парку, парках імя Чалюскінцаў, Горкага, Паўлава, 60-годдзя Кастрычніка, каля Палаца чыгуначнікаў, на пляцоўцы ў «Лідо» ў раёне Камароўскага рынку, у парках «Перамога» і «Цівалі».

Увесь склад сталічнай міліцыі ў гэтыя дні пераведзены на ўзмоцнены рэжым нясення службы з кругласутачнай аховай.

Месцы масавых мерапрыемстваў будуць агароджаныя, праход да іх будзе ажыццяўляцца праз кантрольна-прапускныя пункты. Туды нельга будзе праходзіць з веласіпедамі, жывёлінамі, забаронена праносіць прадметы, здольныя нанесці цялесныя пашкоджанні.

Грамадзянам рэкамендуецца не браць з сабою вялікія торбы. Каля Палаца спорту будуць усталяваныя камеры захоўвання, куды можна будзе здаць габарытную ручную паклажу ды заплечнікі.

Сталічны дзень народзінаў пачалі адзначаць у 1987 годзе – тады яно называлася «мастацка-спартыўнае свята». Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года 3 ліпеня атрымала афіцыйны статус Дня Незалежнасці Беларусі, а Дзень гораду сталі адзначаць у Менску ў другія выходныя верасня. У гэтым годзе свята было перанесенае праз парламенцкія выбары, якія адбудуцца 11 верасня.

Фота: mag.relax.by

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў