Свята са слязамі на вачах: як дыктатары адзначаюць дні народзінаў


Да 2009 году Аляксандр Лукашэнка святкаваў Дзень народзінаў 30 жніўня, а пасля вырашыў, што яму больш пасуе 31 жніўня – у адзін дзень з малодшым сынам Мікалаем.

Чаму так сталася? Невядома. Усё ж такі свята два, а стол накрываць адзін – эканомія чыстай вады. Як кажуць, капеечка рубель беражэ. Ды і нейкіх маштабных святкаванняў заўважана не было. Кожны год кіраўнік краіны ў дзень сваіх народзінаў то ў працоўных паездках, то на нейкіх сустрэчах.

У гэтым сэнсе ён як белая варона ў коле сваіх калегаў па цэху – дыктатараў з суседніх і не вельмі краінаў. Вось яны ведаюць толк у тым, як адзначыць галоўнае свята не толькі свае, але, па іх меркаванню, і цэлай краіны.

Нурсултан Назарбаеў

Прэзідэнт Казахстану кіраваў краінай з 1990-га па 20 сакавіка 2019 году. Як спяваў Ігар Нікалаеў, «День рождения – праздник детства и никуда от него не деться», таму праз 17 гадоў свайго праўлення ў 2008 годзе Назарбаеў вырашыў зрабіць свой Дзень народзінаў нацыянальным святам.

Лайфхак для пачынаючых дыктатараў: пераносіш Дзень сталіцы на дату свайго нараджэння. Прафіт – на твае народзіны за дзяржаўны кошт прыязджае Ўітні Г’юстан, сусветнавядомы оперны спявак Андрэа Бачэллі і цырк «Дзю Салей». Не трэба нават скрэбці па кішэнях у пошуку грошай на феерверкі – яны ўваходзяць у святочны сэт.

Як правіла, святкаванне доўжыцца некалькі дзён.

Сапармурат Ніязаў

Фота: ITAR-TASS / Signar / FORUM

Былы прэзідэнт Туркменістану кіраваў краінай больш за 30 гадоў. Пяціразовы Герой Туркменістану, «Вялікі Туркменбашы», «Пасланнік Аллаха», «Збавіцель нацыі» – па адных толькі званнях бачна, што туркменскі правадыр не адзначаўся асаблівай сціпласцю. Асабліва, калі ўлічыць, што яшчэ пры жыцці яму ставілі помнікі з золата, а чыноўнікі мусілі цалаваць яму руку.

Фота: Valery Sharifulin / TASS / FORUM

Дзень народзінаў Ніязава – Дзень Туркменбашы – адзначаўся з 1994 году. Але ў 1995 годзе на «бацьку ўсіх Туркменаў» напаў раптоўны прыпадак сціпласці, які ён не змог апанаваць. Тады «Дзень Туркменбашы» быў перайменаваны ў Дзень нацыянальнага сцяга.

У дзень сваіх народзінаў Ніязаў не толькі прымаў падарункі, але і дарыў. У 2002 годзе Туркменбашы ўступіў ва ўзрост прарока Мухамэда – яму споўнілася 62 гады. З гэтай нагоды ўсе, каму ў гэтым годзе таксама споўнілася 62 гады атрымалі тры дадатковыя дні да адпачынку і прэмію памерам з месячную стаўку. Вялікае свята адбылося і ў ауле, у якім нарадзіўся Сапармурат Ніязаў. За святочны стол запрасілі 15 тысячаў асобаў.

За год да гэтага падарунак народу ад Туркменбашы быў не менш грандыёзны. Туркмены атрымалі ад свайго лідара ягоную кнігу «Рухнама», якая мелася стаць для туркменаў другім па важнасці тэкстам пасля Карану.

Гурбангулы Бердымухамедаў

Фота: turkmenistan.gov.tm

Пасля смерці Сапармурата Ніязава пасаду прэзідэнта Туркменістану заняў Гурбангулы Бердымухамедаў. Новы кіраўнік краіны зрабіў перанос Дня нацыянальнага сцяга, які супадаў з Днём народзінаў былога правіцеля. Дарэчы, залаты помнік Ніязву быў перанесены на ўскраіну Ашгабату, а ў цэнтры размясціўся залаты помнік новаму лідару нацыі.

Фота: Valery Sharifulin / TASS / FORUM

Дзень народзінаў Бердымухамедава таксама адзначаецца з помпай. Звычайна, гэта выступы сусветнавядомых зорак, кшталту Джэніфэр Лопэс, Патрысьі Каас і Boney M. У 2011 годзе Джэніфэр Лопэс была вымушаная выбачацца за свой выступ на святкаванні народзінаў туркменскага дыктатара. Па яе словах, калі б яна ведала пра сітуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне, то адмовілася б ад выступу.

Гурбангулы Бердымухамедаў, канешне, не Джэніфэр Лопэс, але таксама мае талент да спеваў, прынамсі яму так падаецца. У 2011 годзе на свой Дзень народзінаў ён падараваў народу песню. Прысутныя ў залі слухалі кіраўніка краіны стоячы, а гітару і акардэон, на якіх ён граў падчас выступу, прызнлі нацыянальнымі каштоўнасцямі і перадалі ў музей. Тады Дзень народзінаў Бердымухамедава святкавалі тыдзень.

Робэрт Мугабэ

Фота: REUTERS / Siphiwe Sibeko / Forum

Зімбабвійскі дыктатар Робэрт Мугабэ, які кіраваў краінай да 2017 году, адзначаў свой Дзень народзінаў на шырокую нагу. І гэта нягледзячы на тое, што Зімбабвэ адна з самых бедных краінаў свету. Заўважна, што Мугабэ вельмі любіць супадзенне лічбаў. Напрыклад, у 2014 годзе, калі яму споўнілася 90 гадоў, на святкаванні выпусцілі ў неба 90 балонікаў, зрабілі торт вагою 90 кілаграмаў і да святочнага стала забілі 90 кароваў. На 91-я народзіны дыктатара на стол падавалі не толькі кароваў, але і мяса сланоў, львоў і антылопаў.

У святкаванні ўдзельнічаюць дзясяткі тысячаў чалавек, а выдаткі на ўсе гэтыя ўрачыстасці лічацца не адным мільёнам долараў.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў