Свята пад лязганне кайданкаў. Аляксандр Тамковіч пра Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі


Напэўна, нехта, паглядзеўшы на назву гэтых нататак, адразу скажа – русафоб. І не будзе мець ніякай рацыі, бо зараз ёсць дзве Расеі. Адна ватна-пуцінская, другая асацыюецца з імёнамі Андрэя Макарэвіча, Алега Басілашвілі, Ліі Ахеджакавай, Дзмітрыя Быкава, Юлі Латынінай, светлай памяці Барыса Нямцова і многіх іншых.

Для мяне Расея – менавіта гэтыя ЛЮДЗІ! Хай сёння яны ў меншасці, але ў будучым Расея будзе ганарыцца МЕНАВІТА імі, а не рознымі «крымнашамі».

Так што я не русафоб. Я проста шмат год запар імкнуся знайсці тых, хто ШЧЫРА святкуе так званы Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі. І не знаходжу.

Магчыма таму, што далёка не ўсе «народы» трапляюць на афіцыйныя мерапрыемствы, а я належу як раз да тых, каго беларуская ўлада называе «нячэснымі»…

Увогуле ж, у нашым жыцці ДЗІЎНЫЯ падзелы святаў адбываюцца даволі часта.

Калі 9-га траўня называюць «святам са слязамі на вачах», то 2-га красавіка гэты «вочы» яўна закрытыя. Нават у тых, хто жыве ў «Драздах», дзе добра разумеюць – па вялікаму рахунку святкаваць няма чаго.

Не хочацца зноў узгадаваць пра «падвойныя стандарты», але без гэтага не абысціся, бо тое, што можна Маскве, нельга Менску.

Напрыклад, расейцы раптам «забыліся», што пад іх «трыкалорам» генерал Уласаў служыў фашыстам, і літаральна цкуюць сцяг на шмат стагоддзяў старэйшы за любых фашыстаў.

Такое ўражанне, што той на іх дзейнічае, як кусок тканіны на быка. Толькі колер не чырвоны, а бел-чырвона-белы…

Не ведаю, як хто, а асабіста я, адчуваю амаль гонар, калі наш прэзідэнт прысвойвае беларусам «знак якасці». З гэтым адчуваннем лягчэй быць нават дармаедам… Уявіце – дармаед са знакам якасці…

Крыўдна толькі ад разумення: тыя, хто «без якасці», «душаць у абдымках» братоў «са знакам ГЭТАЙ якасці». Такі вось «інтэграцыйны» нонсэнс атрымліваецца…

Асабліва, калі ўлічыць намёкі на тое, што Крэмль свядома і наўмысна (як кажуць у Адэсе) «робіць Сашу нервы», а неадэкватную рэакцыю на апошнія падзеі наўмысна справакавала (як лічыць многія) расейская ФСБ.

Калі гэтак задумвалі сапраўды, то мэта лёгка дасягнутая. «Выспа стабільнасці» хутка ператваралася ў дэтанатар патэнцыйных пагрозаў, бо была пагрозай па сутнасці.

Адна мая добрая знаёмая ў такіх выпадках заўсёды агучвае сваю «каронку» – стесняюсь спросить. Вось і я зараз саромеюся спытаць: «І нехта нармальны павінен усё гэта святкаваць.?».

Самае відавочнае ўвасабленне падобнага «яднання»– расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў. Днямі ён не толькі ўхваліў (быццам бы сам іх зрабіў) беларускія рэпрэсіі, але і адразу (па прынцыпу «баш» на «баш») нагадаў, што да Лукашэнкі ёсць «палітычныя пытанні».

Якімі яны будуць, можна толькі гадаць. Адказ прагучыць не толькі 3 красавіка, калі Лукашэнка павінен сустрэцца з Пуціным. Значна цікавей, што будзе потым. Варыянты могуць быць рознымі:

  • мы ўбачым новыя серыі «Хроснага бацькі»
  • лібералізацыі прыйдзе поўны лібералізец
  • гульня ў дэмакратыю працягнецца яшчэ некалькі месяцаў
  • безапеляцыйнае «game over» прагучыць значна раней

Пра тое, што гэта ёсць самая прымітыўная гульня, сёння сумненняў не засталося нават у тых, хто спадзяецца на realpolitik. Шкада, «заходнікі» не глядзелі савецкі мульцік пра Маўглі. Інакш бы лепш разумелі перафраз – «а мы пойдзем на Захад».

А яшчэ больш шкада, што той самы «Захад» не ведае – словы гэтыя належаць шакалу, да чыёй шчырасці ставяцца скептычна апрыёры.

Вельмі хочацца памыліцца, але, на мой погляд, сёння адбываецца чарговы Мюнхен. У надзеі на нейкія міфалагічны «адыход ад Расеі», Захад «не заўважае» таго, што робіцца ў самой Беларусі. Лукашэнка ў пэўным сэнсе атрымаў карт-планш на знішчэнне ЛЮБОГА іншадумства.

Магчыма некаму з еўрачынавенства гэта не спадабаецца, але іх зараз банальна выпрабоўваюць «на слабо». Маўляў, «я буду лютаваць да той пары, пакуль вы гэта будзеце мне дазваляць».

Апошні красамоўны прыклад – рэакцыя на словы польскіх кіраўнікоў. Варта было толькі абазначыць «чырвоную рысу» у выглядзе новых палітвязняў, як адразу ж адбыўся «наезд» на «Белсат»…

На мой погляд, яго бы не адбылося ўвогуле, калі б гэтага (хай умоўна) не дазволілі варшаўскія палітыкі. У дадзеным выпадку Лукашэнка знішчае тое, што знішчыць спрабавалі яны, і таму цалкам упэўнены ў сваёй беспакаранасці…

Больш за тое, ён добра ведае, чым усе скончыцца. Захад чакае рэформаў. Расея не патрабуе нічога. Захад абяцае грошы. Расія іх РЭАЛЬНА дае. Так што выбар – справа часу.

Тым больш, што «яднаемся» мы зусім не з еўрапейскімі народамі…

Сумна, што гэтага «на Захадзе» не бачаць, або не хочуць бачыць…

«Свята непаслухмянасці» скончыцца, а «выпаленая зямля» застанецца…

Можна прыводзіць шмат версіяў таго, для чаго, гэта «свята» патрэбна ўвогуле. Усе яны будуць вельмі слушнымі, але я лепш абмяжуюся цытатай кіраўніка нашай краіны і захаваю мову «арыгінала»: «У нас с Владимиром Владимировичем Путиным блестящие отношения. Мы родные братья, нам делить нечего. Я ему как-то публично сказалможет быть, еще будет время, когда придется спиной к спине стать и отстреливаться».

Калі меркаваць па шуняўках на Дзень Волі і расейскім «колокольчикам» на дзень наступны (з 21 траўня 2012 года расейскае МУС узначальвае Уладзімір Аляксандравіч Калакольцаў), час гэтага «яднання» ужо настаў, а ў якасці святочных фанфараў гучыць лязганне кайданкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў