Свята для ўсіх!


Як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. У вялізнай і шумнай кампаніі, з феерверкамі, і шыкоўным сталом. Новы год – стаў найбольш любімым і масавым святам беларусаў. Аднак чаму менавіта гэты дзень так шануюць цяпер беларусы?

Падавалася б святкаванне каляндарнай змены года не нясе нейкай вялікай сэнсавай нагрузкі. Але большасць беларусаў чакаюць Новага году, чакаюць цудаў, здзяйснення жаданняў, рыхтуюцца да яго і актыўна сустракаюць.

Любое іншае свята можа толькі пазайздросціць такой папулярнасці Новаму году. Рыхтавацца да яго пачынаюць за некалькі месяцаў. Нават улетку лепшае з закатак пакідаецца на навагодні стол. Святкуюць і ў садочках, і ў школах. На працы ўсе гурбой збіраюцца на навагоднія карпаратывы.

Але стагоддзямі самым любімым святам на нашых землях былі ўсё ж Каляды, яшчэ паганскія, дахрысціянскія, калі святкавалі перагортванне сонца, сімвалам якога была каза, якая памірае і наноў адраджаецца, пазней на гэтае свята наклалася Раство ці нараджэнне Хрыстова. Але ў савецкі атэістычны час рэлігійныя святы былі забароненымі.

«Зразумела, што гэта савецкая спадчына, пры чым трэба ж разумець, што гэта не толькі культура, гэта не толькі не працоўны дзень, і проста нейкае свята. Але святы вельмі шмат робяць для калектыўнай ідэнтычнасці. Калі савецкая ўлада хацела стварыць новага савецкага чалавека, то зразумела, яна шукала менавіта свята», – гаворыць сацыёлаг Таццяна Вадалажская.

Менавіта такім святам і стаў Новы год. Да таго ж, Раство, Каляды – гэта больш сямейныя святы, а ў савецкі час патрэбны былі масавыя, калектыўныя святкаванні. Хоць ужо пасля знікнення Савецкага саюзу народная традыцыя ўсё больш пачала вяртаецца, толькі яна не настолькі заўважная, паколькі святкуюць усё ж у сямейным коле.

«У Беларусі яшчэ ўнікальная сітуацыя, вось гэтых двух календароў рэлігійных, якія ідуць паралельна адзін адному, і частка святкуе Каляды на зімовы сонцаварот, як гэта задумвалася ў IV стагоддзі, – зазначае тэолаг Ірыны Дубянецкая. – Частка святкуе каляды паводле Юліянскага календару 7 студзеня».

І хоць кажуць, што «ва ўсім свеце Хрыстос нараджаецца адзін раз, а ў нас – двойчы», і хоць з павагай беларусы ставяцца да «не сваіх» калядаў, усё ж гэтае свята не яднае ўсё грамадства.

А Новы год – гэта свята для ўсіх. Прычым святкаванне яго – ужо таксама традыцыя, хоць і дастаткова новая. Ўсяго найлепшага вам у Новым годзе!

Вольга Чайчыц / МЛ, bellsat.eu

Стужка навінаў