«Свята было ў цябе, а падарункі атрымлівала я». Сірыйкі ў какошніках звяртаюцца да расейскіх вайскоўцаў


У Расеі выдалі насценны каляндар, для якога зняліся дзеўчыны з тых сірыйскіх гарадоў і правінцыяў, дзе ваююць расейцы.

На кожным з 12 старонак календара сірыйская дзяўчына ў стылізаваным какошніку звяртаецца да афіцэраў расейскага войска.

На першай старонцы дзяўчына Раша (!) з Латакіі прызнаецца, што ў сувязі з «актыўным дзеяннямі расейскага войска» сёлета ў студзені і «вызваленнем 300 сірыйскіх вёсак», «адразу зразумела, што ў цябе сур’ёзныя намеры».

З лютаўскай старонкі Майсаа Сальман віншуе вайскоўцаў з Днём абаронцы айчыны і прыгадвае мінулае 23 лютага: «Свята было ў цябе, а падарункі атрымлівала я».

На сакавіцкім аркушы галоўным святам стала не 8-га, а 14-га сакавіка – дзень калі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў загад аб вывадзе расейскіх войскаў (на самой справе, толькі часткі іх) з Сірыі. Сара Сакер кажа, што «спалохалася, што мы больш ніколі не ўбачымся».

Красавіцкая прапанова Карыны Юнэс «пераехаць да іх у Тартус» – спроба моўнай гульні з прапановай Асада да расейскіх войскаў перадыслакавацца ў Тартус на ўсходзе краіны. Прапанова дзіўная, бо сама дзяўчына – з Латакіі.

На травеньскай старонцы календара найважнейшы дзень – пяты: сёлета 5 траўня ў Пальміры адбыўся канцэрт Сімфанічнага аркестра Марыінскага тэатру пад кіраўніцтвам Валерыя Гергіева. Ілка аль-Хатыб з Гомсу задаецца пытаннем: «Як ты здагадаўся, што я люблю класічную музыку?».

Мары Саід Амар з Алепа пытаецца, ці «гэта не твой авіяносец прыпаркаваны ля сірыйскіх берагоў?». Мова вядзецца пра авіяносец «Адмірал Кузняцоў», які 12 лістапада прыбыў да берагоў Сірыі, і стаў шырока вядомы па двух прычынах: моцным «паравозным» дыме і двух разбітых за месяц самалётах.

Зрэшты глядзіце самі.

Расейская аперацыя ў Сірыі распачалася напрыканцы верасня 2015 года і доўжыцца да сёння. У апошнія дні з дапамогай расейскага падтрымання з паветра войска Асада ўзяло Алепа.

«Big Picture» падае, што наклад календароў даставяць на расейскія базы ў Сірыі ў якасці падарункаў афіцэрам на Новы год.

ДД

Глядзі таксама
Каментары