Свінні разладу. Жыхары аграгарадку Палачаны мяркуюць, што райвыканкам падмануў Лукашэнку


15 чэрвеня ў аграгарадку Палачаны, што ў Маладзечанскім раёне, прайшоў сход, на якім прадстаўнікі мясцовых уладаў і жыхары аграгарадку абмеркавалі тэму будаўніцтва свінакомплексу.

Жыхары Палачанаў звярнуліся са скаргай у Адміністрацыю прэзідэнта і папрасілі кіраўніка Беларусі спыніць будаўніцтва свінакомплексу. З гэтае нагоды райвыканкам запрасіў мясцовых жыхароў у палачанскі дом культуры, каб разабрацца, што і каму не падабаецца.

Жыхары аграгарадку сабралі паўтысячы подпісаў супраць будаўніцтва свінакомплексу. Дазвол (указ № 220) на ўзвядзенне абʼекту ўласнаручна падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы падманулі Лукашэнку. Мы будзем скардзіцца», – кажа мясцовая жыхарка.

«Лукашэнка падпісаў гэты ўказ. Вы маеце поўнае права звяртацца са скаргамі на Лукашэнку да Лукашэнкі», – патлумачыў падчас сходу прадстаўнік райвыканкаму.

«Нам паабяцалі правесці водаправод, даць бясплатных свіней, але мы не хочам гэтага. Забірайце адсюль свой свінакомплекс», – крычала з залы мясцовая жыхарка.

Свінакомплекс будуе прыватная кампанія «Вялес-міт». Адметна, што кампаніяй валодае шэраг расейскіх бізнесоўцаў і блізкі да кіраўніка Беларусі алігарх Юрый Чыж, якога нядаўна арыштавалі.

Чытайце таксама >>> Паўла Сяргея асудзілі за ўдзел у пікеце супраць будаўніцтва свінакомплексаў

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў