Светлагорск: прадпрыемствы – паміраюць, працоўныя – выжываюць дзеля богу


Дзе мяжа паміж нізкай аплатай працы і фактычна рабствам? Калісьці буйное прадпрыемства – будаўнічы трэст № 20 – цяпер цешыцца любой замове. Іх, што праўда, небагата. Адпаведна – і працы, і заробкаў.

Манеты ў нашай краіне ўжо ўвялі афіцыйна, а таму славуты выраз «працаваць за капейкі» – гэта не перабольшванне, а рэчаіснасць. Як, напрыклад, у Светлагорску, у будаўнічым трэсце № 20.

«Заробкі… Паабразалі ўсё, ні выслугі гадоў няма, нічога. Кантракту няма, нічога няма», – распавядае супрацоўнік будаўнічага трэсту № 20.

Рабочыя трэсту тлумачаць, што вымушаныя былі працаваць у дзве трэція змены, сутыкнуліся з павальным скарачэннем ды адпачывалі за свой кошт. Як высветлілі нашыя журналісты, заробкі тут ледзь сягаюць $ 200 як у рабочых, гэтак і ў ахоўнікаў.

«Вядома, абʼектаў было шмат – раней. Транспарт шмат вазіў, бетон, раствор. Цяпер, вядома, абʼёмы ўпалі, што тут казаць», – прызнаецца Анатоль Астапенка, ахоўнік Светлагорскага домабудаўнічага камбінату.

Калісьці найбуйнейшае будаўнічае прадпрыемства гораду, якое прымала замовы нават з Расеі, цяпер ледзь выжывае. Крызіс, кажуць працаўнікі, дайшоў і сюды. А няма абʼектаў – няма і працы. Кіраўніцтва гэта прызнае, але запэўнівае, што ўсё не так кепска.

«Трэст не загружаны на 100 % сваёй магутнасці. На жаль. Мы шукаем працу. Знаходзім. Сітуацыя ў трэсце нармальная, стабільная», – мяркуе намеснік генеральнага дырэктара будаўнічага трэсту № 20 Рыгор Ламаскін.

«Вы пацярпіце яшчэ гадоў 20 – і будзе вам шчасце»

А гэткая стабільнасць, як вядома, ва ўсёй краіне – афіцыйна і працаваць ёсць дзе, і сярэдні заробак – большы за Br 7 млн. На вуліцах Светлагорску ў такія лічбы не вераць.

«Людзі ходзяць на працу проста каб пасядзець, а ім плацяць нейкія капейкі», – звяртае ўвагу мясцовая жыхарка.

Праваабаронцы кажуць, як ні цяжка, людзі будуць трымацца таго, што маюць.

«У Еўропе голад, у Амерыцы разруха. І толькі тут, на еўрапейскім кавалачку зямлі, людзі жывуць добра. Вось паглядзіце, дзяржаўная прапаганда што кажа. Кажа, што навокал усё дрэнна, толькі ў нас добра. Вы пацярпіце яшчэ гадоў 20 – і будзе вам шчасце», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка, Гомель.

А таму абяцаных калісьці $ 500 няма, затое ёсць закон аб дармаедах і кароткатэрміновыя кантракты. Дыскрымінацыя, затое за капейкі.

«Усім цяжка, усе выжываюць, радзі Бога. На тое мы і беларусы», – падсумоўвае міначка.

Ганна Любакова, «Белсат»

Стужка навінаў