«Свет танкаў» выпускае мапу «Менск». Атрымалася незалежная Беларусь 1970-х?


Дзясяткі тысяч беларусаў гуляюць у самы вядомы прадукт беларускіх жа праграмістаў – анлайн-гульню «World of Tanks».

Раней яны біліся з праціўнікамі ў Парыжы, на Курскай дузе ці на вуліцах разбітых бомбамі нямецкіх гарадоў. Цяпер полем бою можа стаць Менск… пасляваенны.

Горад, які трохі павандраваў у часе

Беларускія гульцы доўгі час прасілі стварыць беларускую мапу – і кампанія разглядала некалькі варыянтаў пераўтварэння сталіцы ў поле бою. Першапачаткова планавалася, што месцамі для сутыкнення трох дзясяткаў браніраваных монстраў будуць або Траецкае прадмесце, або раён Чыгуначнага вакзалу.

Аднак у канцы чэрвеня аказалася, што абраны новы варыянт – раён Свіслачы каля Дзяржаўнага цырка і пляца Перамогі.

World of Tanks
Новы варыянт мапы «Менск» World of Tanks. Крыніца – wot.express

Пры гэтым Менск на мапе – горад 1960-х-1970-х гадоў, з помнікам Перамогі, надпісам «Подвиг народа бессмертен», шапікамі, аўтобусамі і аўтамашынамі пасляваенных мадэляў. Зразумела, што і праспект Незалежнасці – гэта ўжо пашыраная пасля вайны вуліца Савецкая з будынкамі ў стылі «сталінскі ампір».

World of Tanks
Адзін з ранніх варыянтаў мапы «Менск» – з Траецкім прадмесцем і Оперным тэатрам. Крыніца wot-news.com

Цікава, што, аднак, назвы вуліц на шыльдах – сучасныя і беларускамоўныя, то бок ніякага «Ленінскага праспекта».

Відаць, у гэтай версіі гісторыі Беларусь атрымала незалежнасць адносна хутка пасля Другой сусветнай, якую сам сталінскі СССР, верагодна, не перажыў. Дарэчы, зусім нядрэнны варыянт развіцця падзей.

Бітва брані і снараду

Створаная беларускімі праграмістамі гульня, колькасць зарэгістраваных удзельнікаў якой перавысіла 150 мільёнаў асобаў, у асноўным канцэнтруецца на гісторыі развіцця танкаў у 1920-я-1950-я гады – часе найбольш імклівага развіцця і масавага баявога выкарыстання браніраваных армадаў.

World of Tanks
Футурыстычнага выгляду амерыканскі цяжкі танк T57 – распрацоўка часоў халоднай вайны, якая не была даведзеная да канца. Крыніца http://wiki.wargaming.net

У гульні ўвасобленыя шматлікія цікавыя машыны, якія існавалі толькі ў выглядзе праектаў і часам не мелі нават макетаў. Гэтак у ёй існуюць магчымыя нямецкія познія праекты танкаў, якія так і не ўзніклі ў метале, а таксама эксперыментальныя машыны, прататыпы і проста папяровыя распрацоўкі танкаў СССР, ЗША, Францыі і іншых краін.

Такім чынам трохі «альтэрнатыўна-гістарычны» Менск ніяк не супярэчыць агульнай атмасферы гульні.

Лагодная беларусізацыя «Танкаў»

Асноўны цэнтр распрацоўкі «Свету танкаў» знаходзіцца ў Менску, хоць сама кампанія зарэгістраваная на Кіпры. Найбольшай папулярнасцю гульня карыстаецца ў краінах СНД, ільвіная частка гульцоў – пераважна ў Расеі.

Такім чынам у першыя гады існавання сайт «Свету танкаў» і гульня для краінаў СНД былі цалкам расейскамоўнымі, хоць гульцы неаднаразова падымалі пытанні нацыянальных моваў і агучкі. З’яўляліся беларускамоўныя каманды і самаробныя варыянты агучкі і перакладаў.

World of Tanks
«Свет танкаў» – не толькі на расейскай. Крыніца – https://worldoftanks.ru

Аднак у пачатку сакавіка 2016 года – за пару тыдняў да 25 сакавіка – сама кампанія цалкам пераклала гульню на беларускую мову. Нават чальцы экіпажу цяпер дакладваць гульцу пра трапныя стрэлы – па-беларуску. Беларускамоўнымі сталі таксама ўзнагароды, інтэрфейс гульні і апісанні тэхнікі. У інтэрнэце зʼявіліся беларускамоўныя рэкламныя абʼявы «Свету танкаў». Таксама зʼявіліся ўкраінская і казахская мовы.

Калі канкрэтна зʼявіцца новая мапа – невядома, аднак, як мяркуе знаўца гульні Сяргей Карапецян, які вядзе Youtube-канал пад нікам Vspishka, у незалежны Менск 1970-х гадоў гульцы могуць патрапіць прыкладна на Дзень танкіста – то бок 9 верасня.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў