Свет развітаўся з Пэрэсам

video

Лідары з сямідзесяці краінаў свету развітваліся сёння ў Іерусаліме з дзявятым прэзідэнтам Ізраілю, Шымонам Пэрэсам.

Сёння ўдзень, пасля ўрачыстай цырымоніі развітання, Шымона Пэрэса пахавалі на нацыянальных могілках у Іерусаліме.

Учора са сваім прэзідэнтам развітваліся самыя ізраільцяне. Некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў краіны, якую ўраджэнец беларускага мястэчка Вішнёва ўмацоўваў і вёў да міру з суседзямі ўсё жыццё, наведалі труну з целам Шымона Пэрэса на плошчы перад Кнэсэтам – будынкам ізраільскага парламенту. Сёння надышла чарга на высокіх замежных гасцей. Са Злучаных Штатаў прыляцеў дзеючы і былы прэзідэнты.

Уласна падчас прэзідэнцтва Біла Клінтана – у 1993 годзе Шымон Пэрэс зрабіў крок насустрач сваёй самай галоўнай мары – прымірэння з суседзямі, калі ў якасці кіраўніка ізраільскай дыпламатыі, разам з палестынскім лідарам Ясерам Арафатам і адным са стваральнікаў Руху за нацыянальнае вызваленне Палестыны Махмудам Абасам падпісалі дамову, што дала пачатак дзяржаўнасці Палестыны. Апошні, нягледзячы на крытыку сваіх паплечнікаў таксама прыехаў на развітанне. Паводле Барака Оўбамы, прысутнасць Абаса ў гэты дзень мусіла б нагадаць палітыкам па абодва бакі Ракі Іярдан пра няскончаную справу Шымона Пэрэса.

«Ён разумеў з горкага досведу, што сапраўдная бяспека прыходзіць праз мір з суседзямі. Мы перамаглі іх усіх – сказаў ён пра ізраільскія войны, – але мы не дамагліся самага галоўнага трыумфу – вызвалення ад патрэбы чарговых перамогаў. Нават падчас тэрарыстычных атак, падчас расчараванняў за сталом перамоваў ён настойваў, што і палестынцы, і ізраільцяне мусяць мець роўныя правы», – заявіў Оўбама.

А каб араба-ізраільскія поўнамаштабныя войны ніколі не паўтараліся, Перэс спрыяў развіццю сакрэтнай ядравай праграмы Ізраіля. Настолькі тайнай, што і сёння пра яе вядома толькі, што краіна валодае сродкамі дастаўкі такой зброі. Калі дамовіцца з суседзямі Ізраіль ня можа і дагэтуль, то прынамсі ўнутры краіны постаць Пэрэса яднае – кажа ягоны колішні палітычны праціўнік, дзеючы прэмʼер-міністр краіны.

«Ён кідаў ў мяне сваймі левымі аргументамі, я адказваў – правымі. У выніку, нібыта двое стомленых баксёраў, мы перасталі спрачацца. Мы ўбачылі ў вачах адзін аднаго гатовасць адысці ад палітычных спрэчак і забяспечыць будучыню нашае краіны», – узгадаў на пахаванні прэмʼер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу.

У 2014 годзе, калі Пэрэс сыходзіў з прэзідэнцкае пасады, за яго гатовыя былі прагаласаваць двое з кожных трох ізраільцянаў. Для мясцовага палітыка – рэкордны вынік.

Усевалад Шлыкаў

Глядзі таксама
Каментары