«Сведкі»: драматычны шлях беларусаў у новым дакументальным праекце «Белсату»


Цыкл фільмаў Вячаслава Ракіцкага распавядзе пра змаганне за незалежную і дэмакратычную Беларусь у 1980-2000-х, у якасці «сведкаў» – актыўныя ўдзельнікі гэтага змагання.

«Трыццаць недалёкіх ад нас гадоў гісторыкі ўжо трактуюць як найноўшае адраджэнне. Яно поўніцца як шматлікімі перамогамі, гэтак і ня меншымі паразамі, з якіх варта рабіць высновы. Сёння ўжо час фіксаваць гэтую гісторыю, якая ўсё больш і больш аддаляецца ад нас», – распавядае ідэю цыклу дакументальных фільмаў Вячаслаў Ракіцкі.

Паводле яго словаў, шмат з людзей, якія рабілі гісторыю ў 1980-2000-х ужо адышлі, але яшчэ засталося і нямала жывых герояў, якія «дапамогуць нам рэстаўраваць найбольш значныя падзеі, патлумачыць іх значэнне для фармавання нацыянальнай і дэмакратычнай сьвядомасці нацыі».

Першыя 17 серый, якія будуць паказаныя на «Белсаце» у новым сезоне, прысвечаныя 1980-м гадам. Мы раскажам пра беларускае нацыяналістычнае і антысавецкае падполле («На паддашку» і «Група Незалежнасць»), пра нефармальныя моладзевыя аб’яднаньні («Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя»), пра першыя публічныя пратэсты (супраць руйнавання будынку Менскага гарадскога тэатру, затаплення Падзвіння, пракладкі праз гістарычны цэнтр Менску лініі метро), пра адкрыццё Курапатаў і першыя адзначэнні Дзядоў… Менавіта так, крок за крокам паўставаў нацыянальны рух за незалежнасць. Сведчыць будуць актыўныя ўдзельнікі тых падзеяў Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Уладзімер Арлоў, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Пётра Садоўскі, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Харэўскі, Алесь Бяляцкі, Генік Лойка, Алена Анісім, Зміцер Колас і іншыя беларускія патрыёты.

Стужка навінаў