Сваякі Вярзілава распавялі, чаму перавезлі яго ў Нямеччыну


Надзея Талаконнікава

Былая грамадзянская жонка расейскага актывіста і прадпрымальніка Пятра Вярзілава кажа, што родныя непакояцца, што яго могуць атруціць яшчэ раз.

Актывістка Pussy Riot Надзея Талаконнікава заявіла, што з кожным днём усё менш шанцаў даведацца, што насамрэч з ім адбылося.

«Мы перавезлі яго [ў Нямеччыну] даволі позна, але цяпер менш непакоімся аб ягонай бяспецы. У расейскім шпіталі заставалася рызыка, што нехта вырашыць, што яго не дабілі, і вырашыць атруціць яшчэ раз», – заяўляе Талаконнікава.

Паводле жанчыны, Вярзілаў усцяж не пазнае сваіх блізкіх.

«Ментальны стан пакуль не на 100 %: напрыклад, кіраўніка госпіталя ён называе старшынём турмы. Яму падаецца, што ён знаходзіцца ў турме або ў паліцэйскім участку», – кажа Талаконікава.

У размове з «Reuters» жанчына адзначыла, што лекары не маюць адной пазіцыі наконт імавернасці выздараўлення Вярзілава.

«Лекары кажуць рознае. Адныя – што ён цалкам паправіцца і вернецца да нармальнага Верзілава. Іншыя – што яны не ведаюць, бо не могуць нічога вызначыць, бо яны не знайшлі ў крыві ніякай атруты – іх вымылі яшчэ ў маскоўскім шпіталі», – працягвае Талаконнікава.

15 верасня 2018 года. Антыкрамлёўскі актывіст Пётр Вярзілаў у берлінскім аэрапорце «Шэнэфэльд». Фота –Cinemaforpeace / Handout / REUTERS

Пятру Верзілаву раптоўна стала кепска два тыдні таму: ён страціў зрок, слых і здольнасць хадзіць. Пасля чатырох дзён у маскоўскім шпіталі яго даставілі ў берлінскую клініку «Charite».

«[Нямецкія] лекары здзіўленыя, што нейкая атрута выклікае такі дэлірый – ніводнае з ім вядомых рэчываў не дзейнічае два тыдні. Яшчэ лекары шпіталя Скліфасофскага казалі, што гэта можа быць атрапін, хаця і не ўнеслі гэта ў афіцыйную выпіску. Гэтую ж тэорыю пацвердзілі нямецкія лекары», – распавяла Талаконнікава.

Вярзілаў – выдавец рэсурсу «Медиазона» і адзін з чатырох актывістаў групы Pussy Riot, якія выбеглі на поле падчас фіналу Чэмпіянату свету па футболе ў Маскве ў ліпені ў знак пратэсту супраць жорсткасці паліцыі.

Талаконнікава заяўляе, што атручанне магло быць помстай за актывізм Вярзілава ўвогуле, гэтак і менавіта за акцыю на футбольным полі, пасля якой «пацярпелі многія высокапастаўленыя асобы».

Яна кажа, што сваякі Вярзілава патрабуюць завядзення крымінальнае справы.

«Адвакат Дзмітрый Дынзэ падаў у Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэту заяву з просьбай расследаваць спробу забойства Пеці», – дадала Талаконнікава.

ДД

Стужка навінаў