Група сваякоў ахвяраў катастрофы рэйса MH17, што быў збіты над Данбасам летам 2014 года, выйграла справу ў амерыканскім судзе. Цяпер яны маюць права на кампенсацыю ў сотні мільёнаў долараў ЗША.
Адпаведныя дакументы з суду атрымала нідэрландская тэлепраграма ZEMBLA, піша eurointegration.com.ua
Пазоў быў пададзены членамі сем’яў 25 ахвяраў катастрофы MH17, 10 з якіх зʼяўляюцца грамадзянамі Нідэрландаў. Справу распачалі супраць лідэра прарасейскіх сепаратыстаў Ігара Гіркіна.
Амерыканскі суддзя вынес вердыкт 21 снежня. Суд пастанавіў, што сумарная кампенсацыя сваякам ахвяр трагедыі павінна скласці $ 400 млн – па $ 20 млн кожнаму.
Акрамя таго, у паведамленні гаворыцца, што шанец сапраўды атрымаць кампенсацыі «роўны нулю», бо Гіркін у суд не зʼявіўся, па хатнім адрасе ў Маскве яго не знайшлі.
Адвакаты сваякоў ахвяраў авіякатастрофы маюць намер арыштаваць маёмасць Гіркіна. Зрэшты, гэтага можа быць недастаткова, каб выплаціць сотні мільёнаў долараў.
«Справа не пра грошы, а ў справядлівасці для семʼяў, мы хочам увагі на сусветнай арэне да справы і да тых, хто нясе адказнасць за гэтую страшную трагедыю», – адзначыў адвакат сваякоў Флойд Уінсэр.
Нагадаем, 17 лiпеня 2014 года «Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс МН-17 Амстэрдам – Куала-Лумпур, быў збіты ў захопленай баевікамі Данецкай вобласці – усё 298 чалавек загінулі.
Эксперты ўстанавілі, што пасажырскі самалёт збілі з устаноўкі «Бук», прывезенай баевікам з Расеі. РФ сваё дачыненне да злачынства адмаўляе.
KA, belsat.eu