Сваяк прэзідэнта БНР частуе ў Горадні каваю па-паўстанцку


Беларушчына ў гарадзенскай кавярні – шляхетная і гарадская, у адрозненні ад традыцыйных пастараляў з глінянымі збанамі ды саламянымі кошыкамі.

Кавярня «Наша кава» на вуліцы Замкавай у сэрцы старой Горадні адчынілася яшчэ ўвосень. Увагу наведнікаў на сябе адразу звярнуў беларускі каларыт: паліцы з кніжак айчынных класікаў, беларускамоўнае меню, «кава па-паўстанцку» з дамешкам самагону.

Зміцер Захарка, адзін з уладальнікаў кавярні, апынуўся сваяком…старшыні Рады БНР Васіля Захаркі. Прынамсі, так сцвярджае сямейная легенда. Бабуля Змітра, якая працавала ў Горадні сакратаркай санстанцыі, узгадвала размову падчас выпадковай сустрэчы з Ларысай Геніюш, дзе тая сведчыла: «Захарка ваш, я памятаю».

Гэтую ж версію ведаў і дзед бізнесоўца – Міхась Захарка, які працаваў тады ў гарадзенскім аблвыканкаме. Зміцер упэўнены, што выдумляць падобныя легенды за савецкім часам сваякам было б недарэчна і небяспечна:

«Бацька таксама ўсё гэта ведаў, але ўспрымаў негатыўна, – распавядае Захарка, – памятаю, ён чытаў нейкую кнігу прапагандысцкую, кшталту, «Псеўда «Прэзідэнт», што толькі дадало негатыву… Моцна гэтая тэма ў сям’і не абмяркоўвалася».

Сам Зміцер «захварэў» на беларушчыну аўтаномна ад сям’і. Спачатку быў абураны зменаю дзяржаўнай сімволікі ў 95-м, пасля трапіў у краязнаўчы клуб «Прысак». У 16 з’ехаў вучыцца ў Менск, дзе пэўны час працаваў у кавярні «Стары Менск», дзе і адчуў смак да прафесіі.

Васіль Захарка быў чальцом рады Ўсебеларускага з’езду ў 1917-м. Займаўся друкам, фінансавымі і дыпламатычнымі пытаннямі ў новаўтворанай БНР. З 1928 да смерці ў 1943 – прэзідэнт Рады БНР у выгнанні. Пахаваны ў Празе.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў