Сваймі імёнамі: Хлусня з высокай трыбуны. Пра што і навошта?


Нядобра пачынаць свой выступ на ўвесь свет з хлусні. Але Лукашэнка пачаў. «Мы надаем асаблівае значэнне перадухіленню вайсковых канфліктаў і пагрозы жыццю людзей», – кажа кіраўнік дзяржавы, якая пастаўляе зброю «і нашым, і вашым»: у Сірыю – Асаду і радыкальнай апазіцыі. Ды хоць перабейце ўсе там адзін аднаго, для нас галоўнае – грошы.

Што ж, Сірыя далёка ад нас? Можна і не ісці далёка за абвяржэннем: расейская авіябаза, якая мае з’явіцца ў Беларусі – хіба не «пагроза жыццю людзей»? У выпадку канфлікту Расея ізноў выкарыстае нашую зямлю як буфер і поле бітвы. Расейская база – гэта не гарантыя бяспекі, гэта мішэнь для войскаў НАТО, для прэвентыўнага ўдару. І гэта – на нашай зямлі.

Але як пачынаеш хлусіць – то, відаць, цяжка спыніцца. Лукашэнка хваліцца роўнасцю мужчын і жанчын у нашай краіне. Не браць жанчыну на працу, бо можа зацяжарыць? Калі з дзецьмі – бо будзе на бясконцых бальнічных? Меншыя заробкі для жанчын? Вядома, Лукашэнка не выдаваў такога дэкрэту. Але менавіта ён адказны за гэтую хворую сістэму, якой кіруе і якую песціць вось ужо 20 гадоў.

Лукашэнка гаворыць пра адсутнасць дыскрымінацыі паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце. Забараніць пратэстантам маліцца? Даваць за гэта штрафы, нацкаваць на іх спецназ – гэта не дыскрымінацыя? Афіцыйныя абвесткі ад міліцыі «сцеражыцеся цыганоў» – не дыскрымінацыя? Але яшчэ большая дыскрымінацыя – у дачыненні беларусаў. Чаму беларусы, каб адправіць дзіця ў беларускі клас, мусяць збіраць паперы, клапаціцца пра тое, каб «быў камплект», шукаць падручнікі па-беларуску? За нацыянальныя сімвалы кідаць у ізалятар – не дыскрымінацыя?

Яшчэ Лукашэнка забыўся сказаць, што ў нас «няма» дыскрымінацыі інвалідаў, якая насамрэч – на кожным кроку: ад адсутнасці пандусаў да спробаў забраць дзіця ў “не такіх” бацькоў.

Навошта ж так хлусіць з трыбуны ААН? Не толькі дзеля таго, каб замацаваць імідж стабільнай і справядлівай краіны з лідарам-міратворцам на чале. Але і яшчэ каб зрабіць гэтую хлусню – нормаю. «Вайна – гэта мір», – пісаў Оруэл у «1984». Дзеля «міру» і насуперак Канстытуцыі мы пускаем на сваю зямлю чужых вайскоўцаў, нас штурхаюць у вялікую геапалітычную гульню – у ролі пешкі, а з высокай трыбуны мы чуем пра перадухіленне васковых канфліктаў. Дыскрымінацыя ж вось-вось стане нормаю.

Але пакуль гэтак не сталася, Лукашэнку не дае спакою лёс Кадафі, які таксама будаваў сістэму на ілжы, папулізме і дыскрымінацыі. Больш за 40 гадоў ён быў пры ўладзе, але скончыў вельмі кепска.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў