«Свабоды ім і нам». Фігуранта «балотнай справы» дэпартавалі з Беларусі


Пра гэта Аляксей Паліховіч напісаў у сваім «Facebookʼу».

«Хачу пахваліцца – у РБ я цяпер персона нон-грата на 10 гадоў. А так цэлы, а вось людзі ў Менску яшчэ сядзяць. Свабоды і ім, і нам», – напісаў Паліховіч.

Аляксей Паліховіч быў арыштаваны на 12 содняў за ўдзел у акцыі 25 сакавіка. Грамадзяніна Расеі абвінавацілі ў тым, што ён «нёс нейкі сцяг і выкрыкваў лозунгі на беларускай мове», распавёў tvrain.ru бацька Паліховіча.

У траўні 2012 Паліховіч узяў удзел у акцыі на Балотнай плошчы ў Маскве, якая скончылася супрацьстаяннем з праваахоўнікамі. Праз некалькі месяцаў хлопца арыштавалі. У 2014 годзе яму далі 3,5 гады калоніі. У 2015-ым Паліховіча вызвалілі.

24 сакавіка людзі ў цывільным арыштавалі ў Менску грамадзянку Польшчы Дароту Новак. Яна атрымала 15 содняў адміністратыўнага арышту.

За ўдзел у акцыі 25 сакавіка 13 содняў далі і грамадзянцы Расеі Вользе Рошчынай. Яе затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Дзяўчына не планавала ўдзельнічаць у акцыі. Знаходзячыся ў раёне Акадэміі навук, яна запытала ў АМАПаўцаў, як ёй прайсці ў цэнтр, пасля чаго была затрыманая.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў