Свабодны прафсаюз перамог у судзе – прадпрыемства ў Бабруйску мусіць заплаціць

video

Перамога Свабоднага прафсаюзу ў судзе. Арганізацыя здолела абараніць правы свайго сябра, ліцейшчыка бабруйскага прадпрыемства «Тэхсінтэк» Аляксандра Карповіча, якога сёлета ў верасні незаконна звольнілі з працы.

АЛЯКСАНДР КАРПОВІЧ, БЫЛЫ ПРАЦАЎНІК ААТ «ТЭХСІНТЭК»:
«За два дні мне зрабілі вымовы і ўжо на трэці дзень мяне звольнілі. Запісалі на мяне брак прадукцыі, якую я рабіў. Карацей, не давалі працаваць, вырашылі звольніць мяне па артыкуле за тое, што я выказаў сваё меркаванне».

Аляксандра, як і ягоных калегаў, прымушалі пісаць заявы на адпачынак за свой кошт. Ліцейшчык Карповіч не пагадзіўся з гэтым, запатрабаваўшы альбо скараціць яго, альбо выплачваць дзве траціны працоўнага акладу за прастоі на прадпрыемстве. Але адміністрацыя «Тэхсінтэк» пайшла іншым шляхам.

МІХАІЛ КАВАЛЬКОЎ, СТАРШЫНЯ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ БЕЛАРУСКАГА:
«У наймальніка няма такога права – прымусіць чалавека напісаць заяву за свой кошт. Наймальнік у сувязі з адсутнасцю працы можа адправіць працаўніка на 2/3 тарыфнай стаўкі, аб’явіць гэтыя дні прастойнымі днямі, але ніяк не прымушаць пісаць заявы за свой кошт, гэта супрацьзаконна».

У выніку пасля трох судовых паседжанняў «Тэхсінтэк» змяніла фармулёўку звальнення на «паводле ўзгаднення бакоў» і выплаціла свайму былому працаўніку Br 6 мільёнаў кампенсацыі за вымушаныя прагулы ды нанясенне маральнае шкоды.

ВБ, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары