Свабода ў свеце-2017: Беларусь у хвасце рэйтынгу

video

Свабода ў міры-2017

У апублікаваным дакладзе «Свабода ў свеце – 2017» міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House Беларусь набрала 20 балаў. Нашая краіна некалькі год запар уваходзіць у склад «несвабодных».

Даклад уплывовай амерыканскай няўрадавай арганізацыі, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Вашынгтоне, называецца «Папулісты і аўтакраты: падвойная пагроза глабальнай дэмакратыі». На 24 старонках друкаванага тэксту даецца агляд развіцця дэмакратычных свабодаў у краінах свету.

Ацэнка свабоды ў краінах рабілася па 100-бальнай шкале, дзе 0 – гэта найгоршы вынік, а 100 – найлепшы.

Са 195 краінаў свету па стане палітычных і грамадзянскіх свабодаў 87 названыя свабоднымі, 59 – часткова свабоднымі. Сітуацыю ў свеце цяжка назваць аптымістычнай: агульна ў 67 краінах палітычныя правы і грамадзянскія свабоды ў 2016 годзе былі зменшаны – у параўнанні з 36 краінамі, дзе сітуацыя палепшылася.

Паводле reed.media «Брекзіт» і Трамп зʼяўляюцца следствам глабальнага адкату дэмакратыі ў свеце, які  адбываецца ўжо 11-ы год запар.

Сітуацыя ў Еўразійскім рэгіёне

Еўразійскі рэгіён падзелены на «дэмакратычна арыентаваныя» і на «аўтакратычныя краіны». Найлепшую ацэнку тут атрымала Фінляндыя. За ёй ідуць Нарвегія, Швецыя, Канада і Нідэрланды.

У дакладзе адзначаецца, што Ўкраіна, Грузія і Малдова імкнуцца ўмацаваць свае далікатныя дэмакратычныя заваёвы. Гэтыя страны у рэйтынгу значацца як «часткова свабодныя».

Беларусь – несвабодная краіна

У групе «несвабодных» прысутнічаюць 49 краінаў. У іх пражывае 36 адсоткаў насельніцтва планеты.

Сярод несвабодных краінаў – Беларусь. У параўнанні з 2016 годам сукупная ацэнка ўзроўню свабоды ў Беларусі ўзрасла на 3 пункты і ў справаздачы 2017 году яна склала 20 балаў.

Так, у рэйтынгу вымярэння ступені волі палітычныя правы ў Беларусі найгоршыя і ацэньваюцца на 7 балаў, а грамадзянскія свабоды – на 6 пунктаў.

Поўнай справаздачы на сайце freedomhouse.org па сітуацыі ў Беларусі пакуль не зʼявілася.

Суседзі Беларусі

Ацэнка ўзроўню свабоды ў РФ была зніжана на два пункты і склала 20 балаў. У дакладзе Freedom House адзначаецца, што Расея, акрамя ўнутраных рэпрэсіяў, падтрымання нацыяналістычных і папулісцкіх партый, агрэсіўнага распаўсюджвання фэйкавых навін і прапаганды, таксама ўмешвалася ў палітыку развітых дэмакратычных дзяржаў. Згадваецца ўмяшанне Расеі у прэзідэнцкія выбары ў ЗША, падтрыманне нацыяналістычных і правых палітычных сілаў у Еўропе, а таксама спроба аказаць уплыў на вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму ў Італіі.

Рэйтынг Украіны застаўся такім жа, як і годам раней – 61 бал. Палітычныя правы і грамадзянскія свабоды забяспечваюцца на 3-м узроўні з 7 магчымых. Freedom House адзначылі праведзеныя ўрадамі Арсенія Яцэнюка і Ўладзіміра Гросмана рэформы ў газавым і банкаўскім сектарах, якія дазволілі скараціць магчымасці для карупцыі, а таксама прынятыя змены ў заканадаўстве ў частцы судовай рэформы.

Аднак у цэлым барацьба з карупцыяй прасоўвалася нізкімі тэмпамі, а забойства журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве стварыла сурʼёзную занепакоенасць наконт стану бяспекі і свабоды журналістаў.

Рэйтынг Латвіі палепшыўся з-за паступовага зніжэння ўплыву алігархічных інтарэсаў бізнесу на палітычныя пытанні.

Рэйтынг грамадзянскай свабоды Польшчы знізіўся з 93 да 89 пунктаў праз настойлівыя спробы кіруючай партыі «Права і Справядлівасць» павялічыць дзяржаўны ўплыў на медыі краіны, судовую сістэму, і сістэму адукацыі.

Літва мае 91 бал з 100 магчымых. Узровень свабод застаўся ў краіне-суседцы на ўзроўні 2016 году.

Каму горш за ўсіх?

Традыцыйна горш за ўсё – не лічачы афрыканскія краіны – справа з палітычнымі свабодамі ідзе у Сірыі, Паўночнай Карэі і Саудаўскай Аравіі. Узровень свабоды ў Сірыі быў ацэнены ў мінус 1 пункт. У 11 самых горшых трапілі і дзве постсавецкія краіны: Узбекістан і Туркменістан.

11 самых несвабодных краінаў свету. Скрыншот Twitter.com

ВД, паводле freedomhouse.org

Глядзі таксама
Каментары