Свабода ў думках і музыцы: «Blue Foundation» упершыню зайгралі ў Менску


Не паспеў Менск астыць ад выступу легенды трып-хопу «Tricky», як у нядзелю 26-га кастрычніка наведнікі менскага клубу «Re:Public» атрымлівалі асалоду ад музыкі датчанаў з «Blue Foundation».

Не зважаючы на тое, што ў клубе было сцюдзёна, з першых удараў у барабан музыкі грэлі як мае быць. Можа не столькі цела, колькі душу. Былі выкананыя, як старыя рэчы, так і некаторыя песні, якія ўвойдуць у будучую кружэлку. Музыкі неверагодным чынам спалучаюць жывыя інструменты з электронным гукам. Усё тое, за што фанаты любяць аўтараў саўндтрэку да фільму «Змярканне» («Twilight») можна было пачуць у гэты вечар у «Re:Public». Самі ж музыкі не абураюцца, калі іх асацыююць толькі з фільмам. І нават наадварот.

«Гэта добрая магчымасць для музыкаў паказаць сябе ў новай плыні. Гэта смешна, але я насамрэч ніколі не бачыў гэты фільм, але дзякуючы яму наша музыка вандруе па ўсім свеце» – прызнаецца журналістам belsat.eu Бо Рандэ, мультыінструменталіст, аўтар музыкі і тэкстаў.

Напрыканцы «Blue Foundation» выканалі кампазіцыю «Eyes on fire» з кінафільму, а пасля радавалі фанатаў аўтографамі. Таксама музыкі распавялі, чаму апошні альбом мае назву «In My Mind I Am Free» і што для іх ёсць сапраўдная свабода.

«Гэта добрае пытанне, асабліва для Беларусі. Што да мяне, то я свабодны ў сваіх думках. Адсюль і назва нашага апошняга альбому», – кажа Бо Рандэ.

Вакаліст Тобі Вілснер гаворыць, што нельга быць цалкам свабодным у рэальным жыцці. «Ты бо мусіш зарабляць грошы. Зараблянне грошай у Ню-Ёрку, дзе я стала жыву, гэта пастаянны стрэс. Але ў сваёй галаве, у свядомасці ты можаш быць свабодны заўжды і паўсюль, нават калі навокал гармідар. І гэта файна», – дадаў музыка.

Тэкст і відэа Сяржук Кавалёў, belsat.eu

Стужка навінаў