Суздальцаў: Калі Расея не дасць Беларусі крэдыту – будзе змена ўлады


Палітычная і эканамічная сітуацыя Беларусі ў бліжэйшай будучыні будзе моцна залежаць ад фінансавай дапамогі, падкрэсліў маскоўскі эканаміст Андрэй Суздальцаў.

З неафіцыйных крыніцаў з Менску расейскі адмысловец ведае, што Аляксандр Лукашэнка ехаў на спатканне з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным у Сочы з шэрагам прэтэнзіяў і патрабаванняў фінансавай кампенсацыі. Улады Беларусі лічаць, што Расея сама выклікала эканамічныя цяжкасці, якія ў сваю чаргу негатыўна адбіліся на гаспадарцы Беларусі. Сума патрабаванняў Лукашэнкі да Расеі– $ 4 млрд, падаюць непацверджаныя крыніцы.

«Спатканне Пуціна і Лукашэнкі было кароткім, было прысвечана перадусім урэгуляванню крызісу ва Украіне, таму, наколькі мы разумеем, фінансавыя пытанні пераносяцца на 3-га сакавіка, на паседжанне Вышэйшага дзяржаўны савету Расеі і Беларусі, хоць гэтая інфармацыя застаецца не пацверджанай», – падкрэсліў спадар Суздальцаў.

Расейскае кіраўніцтва лічыць, што Лукашэнка атрымаў усё, што яму належыць, заўважыў адмысловец. «Меркаванне ў Маскве такое, што апетыты Аляксандра Рыгоравіча неверагодныя», – сказаў спадар Суздальцаў.

Расея ў стане даць Беларусі патрэбныя пазыкі, нягледзячы на крызіс, яе эканоміка застаецца 5-ай у свеце, нягледзячы на цяжкасці. Але з другога боку, у Расеі будуць прыслухоўвацца да да настрояў расейскай грамадскасці. Калі Расея напрыканцы 2013 года нечакана выдзеліла $ 3 млрд Януковічу, то гэта выклікала скандал такой велічыні, што ўлады мусілі тлумачыць, што гэта даўгавыя абавязальніцтвы, а грошы выдзелілі не з бюджэту, а з дадатковых фондаў.

«Гашэнне даўгоў Казахстану, падтрыманне Арменіі выклікае неадназначныя рэакцыі ў расейскім грамадстве ва ўмовах крызісу. Цяпер да таго ж усе разумеюць, што ніякага падтрымання Расеі Лукашэнка не аказвае», – заўважыў спадар Суздальцаў.

Кіраўнік Беларусі не праявіў салідарнасці з Расеяй, калі тая ўвяла харчовае эмбарга на прадукты з Захаду, а пастараўся атрымаць з гэтага карысці для сябе.

«Крэмль даруе Лукашэнку, пакуль трывае цяжкая сітуацыя ў супрацьстаянні з Захадам. Расея не збіраецца ўступаць Захаду. Лукашэнка на гэтай хвалі б’е сябе ў грудзі, што ён саюзнік Крамля», – адзначыў эканаміст.

На ягонае меркаванне, Расея дасць дапамогу Беларусі, але невядома якога памеру.

«Без дапамогі Расеі Беларусь не выцягне. Беларуская эканоміка не развіваецца нармальна, яна застаецца постсавецкай, у яе ўвесь час патрэбна ўкладаць грошы. Калі Расея не дасць крэдыту – гэта азначае змену ўлады», – адзначыў спадар Суздальцаў.

Без фінансавага ўлівання стан беларускай эканомікі значна пагоршыцца, курс беларускага рубля ўпадзе яшчэ больш, што пераарыентуе ў палітычным плане пэўную частку беларусаў. «Таму задача Лукашэнкі прасіць, хадзіць з працягнутай рукой», – сказаў спецыяліст.

«Расея не прапануе свайго кандыдата ў кіраўнікі Беларусі і не будзе прапаноўваць, бо адразу б узняўся крык, што гэта «стаўленік Масквы», «ватнікі» лезуць ды «кацапы» і г.д. Беларусы самі маюць прапанаваць кандыдатаў, якія будуць цікавыя і Усходу, і Захаду», – лічыць спадар Суздальцоў.

Сёння шэраг беларускіх медыяў напісаў, спаслаўшыся на неафіцыйныя крыніцы, што афіцыйны Менск папрасіў у Расеі фінансавую дапамогу памерам $ 2,5 млрд. Беларусі ў гэтым годзе неабходна выплаціць каля $ 4 млрд вонкавых абавязальніцтваў. Пры гэтым золатавалютныя рэзервы краіны змяншаюцца, за студзень 2015 года яны зменшыліся на $ 335 млн. – да $ 4,7 млрд.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў