Сусветны дзень свабоды прэсы. Беларусь адзначылася 130 выпадкамі ціску на журналістаў


Сёння ва ўсім свеце святкуецца дзень свабоды прэсы. Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёлета беларускія незалежныя журналісты ўжо больш за 130 разоў траплялі пад пераслед уладаў за сваю прафесійную дзейнасць. У мінулым годзе выпадкаў ціску на журналістаў было толькі 16 за ўвесь год.

Больш за 130 пратаколаў складзена на беларускіх незалежных журналістаў за два месяцы 2017-га году : час пратэставых акцый, што разгарнуліся па ўсёй краіне супраць дэкрэту №3. Журналістаў затрымлівалі падчас наўпроставых эфіраў, перашкаджалі даехаць да месца падзеяў, прысуджалі штрафы, канфіскоўвалі тэхніку і нават садзілі на содні арышту.

«Зараз беларуская незалежная прэса стаіць пад сурʼёзным ударам, таму што яна ў чарговы раз стала вельмі запатрабаванай у грамадстве. Людзі вельмі ўважліва сталі сачыць за акцыямі, за ўсім, што адбывалася вакол дэкрэта №3. Сёлета ў сродкаў масавай інфармацыі – неверагодныя паказчыкі па праглядах, па наведвальнасці. У сувязі з гэтым улада змагаецца з гэтай папулярнасцю, з журналістамі, якія вядуць трансляцыі, блогі», – кажа прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Асноўныя абвінавачванні супраць беларускіх журналістаў – незаконны выраб прадукцыі медыя (артыкул 22.9 КаАП РБ), а таксама дробнае хуліганства (артыкул 17.1). Аператара «Белсату» Аляксандра Баразенку нават асудзілі на 15 содняў за тое, што ён нібыта лаяўся матам у той час, калі вёў наўпроставы эфір з вулічнай акцыі Дня волі. Ніякіх пацверджанняў з боку суду пра гэта не было, а відэазапіс эфіру сведчыў аб іншым, але гэта нічога не змяніла ў прысудзе для журналіста.

Ціск не абмінуў нікога з незалежных медыяў Беларусі.

Тэлеканал «Белсат» апынуўся пад асаблівым ударам, у офісах тэлеканалу ў Менску адбыўся ператрус, была канфіскаваная тэхніка.

Дагэтуль невядома, што з ёй сталася і ці вернуцца кампʼютары да ўладальнікаў.

Ператрус на тэлеканале «Белсат»

«Незалежная журналістыка ў Беларусі пад ударам, але вешаць нос беларускім журналістам не варта, бо нават калі на іх цісне ўлада, то чытачы, гледачы і слухачы ўважліва сочаць за падзеямі, кожны дзень заходзяць на сайты, глядзяць стрымы і гэта натхняе», кажа Барыс Гарэцкі.

Па тэме:

Ціск на журналістаў Белсату

Па ўласных падліках тэлеканалу, ад пачатку года 27 журналістаў «Белсату» па ўсёй краіне былі затрыманыя або іншым чынам былі пазбаўленыя магчымасці выконваць прафесійныя абавязкі, напрыклад, праз перашкоды даехаць да месца падзеяў, канфіскацыю тэхнікі.

Адбылося каля 30 выпадкаў затрымання з дастаўкай белсатаўцаў у пастарункі міліцыі, складзена некалькі дзясяткаў пратаколаў за незаконны выраб прадуктаў СМІ, а таксама па артыкуле за дробнае хуліганства, парушэнне правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў ды іншых артыкулах Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову выклікалі на адміністрацыйную камісію і пагражалі забраць непаўнагадовага сына. На яе склалі сем пратаколаў, у тым ліку за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёлаў і парушэнне правілаў упарадкавання населеных пунктаў.

Двое супрацоўнікаў «Белсату» былі асуджаныя на содні арышту – 15 содняў Аляксандру Баразенку і 5 содняў Змітру Сергіевічу. Кацярына Андрэева, Яўген Меркіс, Алесь Любянчук праводзілі содні ў пастарунках, чакаючы на суд.

Па тэме: 

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў