Сустрэчу Паўла Грыба з украінскім консулам супрацоўнікі СІЗА здымалі на камеру

Wideo

Павел Грыб у залі суду

Украінскі консул сустрэўся ў Краснадарскім СІЗА з выкрадзеным у Беларусі расейскімі спецслужбамі грамадзянінам Украіны Паўлам Грыбам.

Паводле дырэктара Дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Сяргея Пагарэльцава, сустрэча прайшла пад наглядам супрацоўнікаў пенітэнцыярнай установы і з фіксаваннем размовы на відэакамеру.

«Улічваючы тое, што іх гутарка запісвала камера і прысутнічалі ахоўнікі, Павел сказаў, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА здавальняючыя, ён мае магчымасць бываць на свежым паветры і двойчы на дзень яго аглядае медработнік, выдае лекі», – сказаў Пагарэльцаў у размове з «Украінскай праўдай».

Ён адзначыў, што Грыб паскардзіўся на тое, што ад некаторых медпрэпаратаў, якія яго прымушаюць прымаць, яму бывае дрэнна. Таксама ён распавёў, што не часта бачыцца са следчым і адвакатам.

«У апошні раз са следчым у яго размова была 11 кастрычніка, а з адвакатам сустракаўся 18 кастрычніка калі ў судзе разглядалася пытанне аб прадаўжэнні меры стрымання», – сказаў дыпламат.

Пагарэльцаў дадаў, што консулы перадалі юнаку цёплыя рэчы ад бацькі, а таксама набылі ў краме на тэрыторыі СІЗА харчы.

Паводле бацькі хлопца Ігара Грыба, Павел выглядае кепска, шыя і галава пакрытая язвамі.

23 жовтня 2017 рокуПідсумки другого, за два місяці, відвідування Павла українським консулом:1. Зовнішній вигляд погани…

Publié par Ігор Гриб sur lundi 23 octobre 2017

Напрыканцы жніўня бацька Паўла Грыба, былы супрацоўнік памежнай службы Украіны Ігар Грыб паведамляў, што яго сын знік 24 жніўня, паехаўшы на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ пры дапамозе гэтай дзяўчыны.

Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), ен быў у міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА.

На мінулым тыдні Кастрычніцкі раённы суд Краснадара падоўжыў арышт выкрадзенаму ў Беларусі ўкраінцу Паўлу Грыбу да 4 студзеня 2018 года.

Па версіі расейскіх спецслужбаў, 19-гадовы Павел Грыб, які быў звязаны з украінскімі нацыяналістамі, прапанаваў знаёмай дзяўчыне з Сочы падарваць бомбу на школьнай лінейцы. Украіна лічыць пераслед Грыба палітычным, а абвінавачванні сфабрыкаванымі.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары