Сустрэча «нармандскай чацвёркі» адбудзецца 11 лютага ў Менску. Усе спадзяюцца на спыненне агню


Кіраўнікі Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі ў «нармандскім» фармаце абмеркавалі шлях дасягнення мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік нямецкага ўраду Штэфан Зайбэрт.

Падрабязнасці размовы пакуль не разгалошваюцца, аднак вядома, што кансультацыі працягнуцца ў панядзелак.

Прэс-служба Парашэнкі таксама пацвердзіла планы сустрэчы ў «нармандскім» фармаце.

«Яны дамовіліся правесці экспертныя кансультацыі ў Берліне прадстаўнікоў МЗС у панядзелак і сустрэчу трохбаковай кантактавай групы ў аўторак з удзелам падпісантаў менскіх дамоўленасцяў. Яны таксама чакаюць, што іх намаганні падчас сустрэчы ў Менску прывядуць да неадкладнага і безумоўнага двухбаковаму спынення агню», – адзначыла прэс-служба Парашэнкі.

Пры гэтым Пуцін, які цяпер знаходзіцца ў Сочы, падчас сустрэчы з Александрам Лукашэнкам адзначыў, што сустрэча ў Менску адбудзецца, калі да гэтага часу атрымаецца ўзгадніць шэраг пазіцый, якія інтэнсіўна абмяркоўваліся.

Кіраўнік Беларусі паабяцаў дапамагчы ў арганізацыі.

Раней прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд раскрыў падрабязнасці мірнага плану, які абмяркоўваўся ў пятніцу. Паводле яго, гаворка ідзе пра дэмілітарызаванне зоны на Данбасе. Таксама абмяркоўваецца ідэя шырокай аўтаноміі для ўсходніх рэгіёнаў краіны.

Перамовы з удзелам Мэркель, Пуціна і Алянда прайшлі ў Маскве ўвечары 6 лютага. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў перамовы «змястоўнымі і канструктыўнымі».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары