Сустрэча гарадзенскіх прадпрымальнікаў з мясцовымі ўладамі прайшла без мясцовых уладаў


Каля 300 прадпрымальнікаў гарадзенскага рынка «Паўднёвы» згуртаваліся перад будынкам адміністрацыі рынка, каб абмеркаваць свае праблемы з кіраўніцтвам гораду і рынка, аднак ніхто не выйшаў на дыялог.

Працаўнікі рынка «Паўднёвы» выставілі 5 асноўных патрабаванняў, якія раней у форме звароту былі пададзены на разгляд у гарадзенскі гарвыканкам. Подпісы пад зваротам паставілі 1028 асобаў. «Гэта сведчыць пра тое, што праблемы ёсць і яны не вырашаныя», – тлумачыць Андрэй Шэсцеракоў, старшыня сектара прадпрымальнікаў рынка «Паўднёвы».

Андрэй Шэсцеракоў

Галоўнае патрабаванне людзей – зніжэнне арэнднай платы на 70 адсоткаў. Як патлумачыў спадар Андрэй, гэтая, на першы погляд, вялікая лічба – цалкам рэальная.

«Арэндная плата – просьба да ўладаў і да кіраўніцтва ЗАТ «Гандальсервіс» знізіць яе на 70 адсоткаў. Шмат хто скажа: «ну Вы тут замахнуліся!», аднак нічога не бярэцца з паветра. Такая магчымасць ёсць. На сённяшні дзень мы маем тое, што гарадская ўлада і кіраўніцтва рынка пагадзіліся на нашую просьбу, але на 11, 8 адсоткаў. Выходзіць такая сітуацыя: за мінулы год інфляцыя склала 12 адсоткаў. Груба кажучы, на гэтую лічбу кіраўніцтва нам і адкаціла арэнду назад. Прадпрымальнікі нашага рынка кажуць – гэтага мала. І ўлада, і кіраўніцтва ЗАТ могуць пралічыць і пайсці на большае. Трэба ісці насустрач прадпрымальнікам, бо хутка тут не застанецца нікога і на гэтым скончыцца сама дзейнасць ЗАТ «Гандальсервіс». Таму што яны нічога не вырабляюць, а жывуць толькі з таго даходу, што здаюць гандлёвыя плошчы ў арэнду. Зразумейце, мы вельмі шчыльна адзін з адным звязаныя ў гэтым пытанні», – кажа Андрэй Шэсцеракоў.

Прадпрымальнікі не дачакаліся мясцовых уладаў

«Платная паркоўка для працаўнікоў гарвыканкама, як для нас!»

Другое балючае пытанне прадпрымальнікаў – знос аплаты за паркоўку.

«Гэтае пытанне, як чырвоная ануча для быка. Нам за ўезд на тэрыторыю рынка трэба заплаціць. Трэба плаціць, каб праехаць да сябе на працу. Гэта пераходзіць усе межы. Давайце ў гарвыканкаме ўвядзем такую ж сістэму. Няхай нашыя чыноўнікі заязджаюць да сябе на працу і плацяць грошы», – тлумачыць старшыня сектара прадпрымальнікаў рынка «Паўднёвы».

Гарадзенскія іпэшнікі незадаволены

Таксама, на думку прадпрымальнікаў, платная паркоўка тармозіць наведвальнасць пакупнікоў, якіх з-за крызісу ўжо некалькі гадоў і так не шмат. Гэтае пытанне кіраўніцтва рынку пакінула прадпрымальнікам вырашаць за ўласны кошт.

Прадпрымальнікі патрабуюць зніжэння арэнднай платы

Трэцяя праблема – немагчымасць уладальнікаў гандлёвых кропак і абсталявання свабодна гандляваць сваёй маёмасць без правядзення аўкцыёнаў.

«Справа ў тым што 98 адсоткаў прадпрымальнікаў рынка куплялі сваё гандлёвае абсталяванне за ўласныя грошы. Падкрэсліваю – за ўласныя грошы. Першапачаткова анансавалася: купляйце, укладвайце, развіваем рынак і так далей. Што маем сёння? Выйшла ўнутранае распараджэнне кіраўніцтва, якое абавязвае прадпрымальнікаў сваё ж абсталяванне прадаваць толькі праз аўкцыён. Тым самым яны проста нас адрэзалі ад сваёй уласнасці. Была прапанова адмяніць аўкцыёны на тыя месцы, якія былі куплены за ўласныя сродкі і пакінуць аўкцыёны толькі на новая зробленыя ЗАТ гандлёвыя кропкі. Менавіта там, дзе ЗАТ уклала свае сродкі. Пакуль мы атрымалі адмоўны адказ», – распавядае Андрэй Шэсцеракоў.

Дыялогу не будзе?

З прадстаўнікоў кіраўніцтва прысутнічаў загадчык рынка «Паўднёвы» Анатоль Грудзінка, які выступіць перад прадпрымальнікамі і паслухаць іх скаргі адмовіўся, затое атрымаў крыкі «Ганьба» у свой адрас.

Анатоль Грудзінка

«Працэс зніжэння арэнды рухаецца. Спачатку гэта вырашае аблвыканкам, а пасля ўсё вырашаецца ў Менску. Калі на гэтую працэдуру сыходзіць 4 месяца, то значыць 4 месяца. І ўся гэтая інфармацыя была агучана ў гарвыканкаме і падпісаная самімі ІП. Зараз я не гатовы адказваць на іх пытанні, я загадчык рынка, не ў маёй кампетэнцыі абмяркоўваць арэнду і рэнтабельнасць. Для мяне вельмі дзіўная пазіцыя Шэсцеракова. Рада прадпрымальнікаў павінна працаваць сумесна з адміністрацыяй, а не пераследаваць нейкія свае мэты. Усе пытанні вырашаныя і падпісаныя радай ІП. Уся інфармацыя абгаворвалася некалькі разоў. І гэтыя пытанні знаходзяцца на стадыі абмеркавання», – кажа Анатоль Грудзінка.

Пасля сканчэння сходу, прадпрымальнікі вырашылі пісаць скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў