Суседзі загінулых ад атручання газам у Барысаве некалькі разоў выклікалі адмыслоўцаў, але тыя казалі, што выцёку няма

video

Трагедыя здарылася позна ўвечары 27 студзеня. Паводле МНС, працаўнікоў «Барысаўгазу» вызвалі дапамагчы адчыніць дзверы ў кватэрах пяціпавярховага дому па вуліцы Дняпроўскай.

У адной з кватэраў ратавальнікі знайшлі целы мужчыны і жанчыны. У кватэры стаяў пах газу.

У кватэры паверхам ніжэй таксама былі выяўленыя ахвяры газавага атручвання. Там ратавальнікі выявілі целы яшчэ чатырох асобаў, у тым ліку двух непаўналетніх – 10 і 17 гадоў.

Адна з версіяў, якая разглядаецца следствам, – няспраўнасць газавага абсталявання. Цяпер на месцы здарэння працуюць спецыялісты, будзе праводзіцца экспертыза абсталявання і дакументацыі арганізацыі, якая абслугоўвала дом.

Праваахоўнікі распачалі крымінальную справу супраць працаўнікоў  «Барысаўмежрайгаз» паводле арт. 428 КК Рэспублікі Беларусь за неналежнае выканання службовых абавязкаў.

Цяпер стала вядома, што трывогу пачалі біць суседзі загінулых яшчэ ўвечары 26 студзеня. Паводле Анастасіі, якая жыве на чацвёртым паверсе з мужам і сынам,  яна пачула моцны запах газу. Ёй зрабілася вельмі кепска, у вачах траілася, у ваш стаяў шум, павысіўся ціск.

Жанчына вызвала газавікоў, якія прыехалі, але прычын, як і самога выцёку, невыявілі. Спецыялісты прыязджалі двойчы, але і за другім разам сцвердзілі, што гэтак можа пахнуць бытавая хімія альбо атрута, якую магчыма распылілі суседзі з паверхаў ніжэй.

Жанчына працягнула скардзіцца. У санстанцыі ёй сказалі напісаць заяву, і дадалі, што гэткімі справамі яны не займаюцца.

З домаўпраўлення прыехалі пяць чалавек, якія ў чарговы раз сцвердзілі, што выцёку не было.

Пазней Анастасію некалькі разоў забірала хуткая. Лепш ёй стала толькі прыблізна а 01:00.

«У 21:30 да нас у дзверы пагрукалі і сказалі, што пад намі ў кватэрах усе памерлі. Яны памерлі ў кватэрах на другім і трэцім паверсе. Першы паверх таксама апячаталі, але што там адбываецца, мы не ведаем», – распавяла Анастасія onliner.by.

Загінулую пару ў кватэры знайшоў сын. Тады на месца здарэння пачалі з’яжджацца праваахоўнікі, газавая служба і хуткая.

Сям’ю з кватэры на другім паверсе знайшлі ў звычайных позах: маці з бацькам глядзелі тэлевізар, дачка сядзела за кампутарам, а хлопчыка знайшлі ў ваннай.

Суседзі кажуць, што з газам у доме праблемаў ніколі не было, і газаўшчыкоў не віняць, нібыта тыя рэгулярна робяць праверкі абсталявання.

Паводле дырэктара Брэсцкага філіялу РУП «Менскаблгаз» Аркадзя Сушкіна, канцэнтрацыі прыроднага газу ў жылых памяшканнях выяўлена не было. Магчымая прычына гібелі людзей – атручванне чадным газам з прычыны няправільнай працы дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Следства працягваецца.

 

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары