Суседзі Паўночнай Карэі заклікаюць яе не запускаць спадарожнік


Сеул, Токіа і нават Пекін лічаць, што «спадарожнік» можа быць балістычнай ракетай.

Намер Паўночнай Карэі запусціць у космас спадарожнік выклікалі занепакоенасць на ўсім Далёкім Усходзе. Сеул кажа пра сурʼёзныя наступствы для КНДР, а супрацьракетныя сілы Японіі – у стане падвышанай баявой падрыхтаванасці.

Адмовіцца ад запуску спадарожніка Паўночную Карэю заклікаюць усе суседнія краіны і іхныя хаўруснікі. У Пхеньян учора прыехаў адмысловы прадстаўнік Пекіну да пытанняў карэйскага паўвостраву Ву Давэй, які на афіцыйным узроўні не першы год заяўляе пра неабходнасць ядравага раззбраення абедзвюх Карэяў. Пакуль Пекін намагаецца дамовіцца, Сеул пагражае наступствамі:

«Паўночная Карэя плануе запусціць балістычную ракету далёкага радыусу, акурат тады, калі Саўбез ААН разважае пра магчымасць увесці супраць яе новыя санкцыі пасля чарговага ядравага тэсту – гэта наўпроставая пагроза ўсёй міжнароднай супольнасці. Мы хочам папярэдзіць Поўнач, што за гэтым запуск давядзецца заплаціць суворую цану», – заяўляе прадстаўнік Савету бяспекі пры прэзідэнце Паўднёвай Карэі Чо Тхэ Енг.

Японія ідзе яшчэ далей за простыя пагрозы, тым болей, што дыпламатычныя адносіны паміж краінамі адсутнічаюць. Па падліках японскіх вайскоўцаў, ракета з паўночнакарэйскім спадарожнікам можа сягнуць да японскага вострава Акінава. Удалыя выпрабаванні дазволілі б Пхеньяну ўпершыню рэальна збройна пагражаць Токіа.

«Мы разгарнулі супрацьракетныя комплексы PAC-3 на базах у Іцыгая, Асацы і Нарасіна. Мы не можам адкідаць імавернасць правакацыйных паводзінаў Паўночнай Карэі, у тым ліку правядзенне запуску ракеты без папярэджання. Міністэрства абароны збірае неабходную інфармацыю і рыхтуецца да якога заўгодна развіцця сітуацыі», – кажа міністр абароны Японіі Гэн Накатані.

Сама Паўночная Карэя, што плануе запусціць спадарожнік да канца месяца, заяўляе, што, як і кожная іншая краіна свету, мае права на ўласную касмічную праграму.[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/mjd56ZNQcXA?t=4m57s”][vc_column_text]Аднак сёння, калі яшчэ працягваецца візіт кітайскага прадстаўніка ў Пхеньяне, Пекін нечакана жорстка асудзіў свайго хаўрусніка.

«Мы надзвычайна занепакоеныя гэтай сітуацыяй. Так, Кітай падтрымлівае права Паўночнай Карэі на мірную касмічную праграму, але варта памятаць, што на гэты момант гэтае права абмежаванае рэзалюцыяй Савету Бяспекі ААН. На сёння мы заклікаем Пхеньян адмовіцца ад сваіх планаў і не ісці на крокі, якія толькі пагоршаць сітуацыю на паўвостраве», – заявіў прадстаўнік кітайскага МЗС Лу Кан.

Дзесяць год таму, пасля першых звестак пра выпрабаванні атамнай зброі ў паўночнай Карэі, Рада Бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю, што забараняе Пхеньяну развіццё касмічнай і ядравай праграмы. КНДР, аднак, неаднаразова яе парушала.

Пасля выпрабаванняў нібыта вадароднай бомбы 6 студзеня Рада Бяспекі рыхтуе новыя эканамічныя ды палітычныя абмежаванні супраць Пхеньяну.

Усевалад Шлыкаў

Стужка навінаў