Сурыкаў заклікаў паскорыць працу над расейска-беларускімі інтэграцыйнымі праектамі


Аляксандр Сурыкаў, фота Sputnik

Будучыня ў інтэграцыйных праектаў Беларусі і Расеі ёсць, але іх варта паскорыць. Пра гэта 7 лютага заявіў пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

«Праца над інтэграцыйнымі праектамі працягваецца павольна, і трэба было б паскорыцца», – прызнаў Сурыкаў.

Ён адзначыў, што ў праекце МАЗ-КамАЗ «не ўсё атрымалася» і цяпер ідзе прапрацоўка праектаў супрацоўніцтва беларускага МАЗа з расейскімі ГАЗ і «Яраслаўскім маторным заводам», а таксама МАЗа і Лікінскага аўтобуснага завода.

Таксама, паводле слоў дыпламата, ёсць сумесныя праекты з «Гродна Азотам», праекты ў ваенпраме. Акрамя таго, Сурыкаў адзначыў важнасць супрацоўніцтва МТЗ з расейскімі вытворцамі.

«Трэба асвойваць вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі для рынкаў трэціх краін. Хоць мы тут не вызначаліся, хоць зрухі ёсць », – падкрэсліў расейскі амбасадар.

У траўні мінулага года віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка паведамляў, што ўрады Беларусі і Расеі да канца года павінны падрыхтаваць прапановы па трох інтэграцыйным праектах. Сямашка сказаў, што сярод беларускіх удзельнікаў праектаў будуць прадпрыемствы нафтахіміі і машынабудавання.

Што тычыцца формы ўзаемадзеяння, то «гэта можа быць абмен актывамі, купля акцый, дадатковая эмісія акцый і іншыя».

КА, belsat.eu, паводле tut.by

 

Глядзі таксама
Каментары