Супраць кіроўцы маршруткі, якая ўрэзалася ў бетонны плот, завялі крымінальную справу


Маршрутка «Менск–Горадня» пасля аварыі на аўтадарозе М6. Кіроўцу пагражае да сямі гадоў зняволення. Фота – СК

Валожынскі раённы аддзел СК распачаў крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 317 («Парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек») у дачыненні да кіроўцы мікрааўтобусу Mercedes-Benz, які ўрэзаўся ў раздзяляльны бар’ер на трасе пад Валожынам.

Аварыя адбылася ўвечары 18 кастрычніка на 74-м кіламетры аўтадарогі Менск–Горадня.

Удар быў такой сілы, што рухавік мікрааўтобуса апынуўся ў салоне. Фота – СК

У выніку здарэння загінулі 66-гадовая жанчына і 71-гадовы мужчына. Яшчэ 13 пасажыраў, сярод якіх 11-гадовая і пяцігадовая дзяўчынкі, шпіталізаваныя.

«Пасля медычнага абследавання кіроўца не мае патрэбы ў стацыянарным лячэнні. У сувязі з гэтым следствам прынятае рашэнне аб ягоным затрыманні ў межах распачатай у дачыненні да яго крымінальнай справы. У цяперашні час з ім працуе следчы», – паведаміла афіцыйная прадстаўнічка Следчага камітэту Таццяна Беланог.

Цяпер следчыя дапытваюць сведкаў і відавочцаў здарэння, прызначаныя аўтатэхнічная і судова-медычная экспертызы.

Кіроўцу, 46-гадоваму жыхару Горадні, пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.

ДД

Стужка навінаў